2025
19.12.2025
Міжнародная платформа па прыцягненні вінаватых да адказнасці для Беларусі (Платформа IAPB) вітае вызваленне 13 снежня ўладамі Беларусі 123 палітычных зняволеных. Сярод вызваленых — сябры арганізацыі-сузаснавальніка Платформы “Праваабарончы цэнтр “Вясна”, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі і юрыст Уладзімір Лабковіч, а таксама вядомая апазіцыйная лідарка Марыя Калеснікава.
Гэтыя доўгачаканыя вызваленні прыносяць палёгку вызваленым і іх сем’ям, паклаўшы канец доўгаму адвольнаму зняволенню і суворым турэмным умовам, а таксама даюць магчымасць многім людзям уз’яднацца са сваімі блізкімі пасля многіх гадоў расстання. Аднак, па меркаванні экспертаў ААН, вызваленыя людзі фактычна падвергліся прымусоваму выгнанню, а некаторыя з іх аказаліся пад пагрозай безграмадзянства ў сувязі з канфіскацыяй іх дакументаў, што сведчаць асобу.
Больш за 1100 палітычных зняволеных застаюцца за кратамі, працягваюцца рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі ў парушэнне міжнародных абавязацельстваў Беларусі ў галіне правоў чалавека.
Некалькі выбітных праваабаронцаў былі выключаныя з групы вызваленых, у прыватнасці, Валянцін Стэфановіч, адзін з кіраўнікоў Праваабарончага цэнтра “Вясна”, які ўжо больш за чатыры гады знаходзіцца ў зняволенні. Марфа Рабкова, затрыманая ў верасні 2020 года, і Наста Лойка, затрыманая ў верасні 2022 года, таксама застаюцца ў месцах пазбаўлення волі, як і журналісты, адвакаты і актывісты, асуджаныя па палітычна матываваных абвінавачваннях пасля несправядлівых судовых працэсаў.
Шэраг праваабарончых інстытутаў, у тым ліку Камітэт ААН супраць катаванняў, зафіксавалі сістэматычныя і шырока распаўсюджаныя выпадкі жорсткага абыходжання і катаванняў у месцах пазбаўлення волі, у тым ліку жорсткае збіццё, сур’ёзную медыцынскую халатнасць і доўгае ўтрыманне ў адзіночных камерах, а таксама больш строгі рэжым для асоб, прызнаных палітычнымі зняволенымі.
Таксама важна не выпускаць з-пад увагі той факт, што рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з ранейшай сілай і што справядлівасць будзе адноўленая толькі тады, калі ўсе адвольна затрыманыя асобы будуць вызваленыя, вінаватыя ў парушэннях правоў чалавека будуць прыцягнутыя да адказнасці, а ахвярам будзе дадзены доступ да аднаўлення справядлівасці.
Як адзначаецца ў апошняй справаздачы IAPB аб ходзе работы за перыяд з красавіка па верасень 2025 года, сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца вельмі рэпрэсіўнай і характарызуецца сістэматычным палітычным пераследам, адвольнымі затрыманнямі, жорсткім абыходжаннем і пашырэннем трансгранічных рэпрэсій.
Улады працягваюць пераследаваць тых, каго лічаць нелаяльнымі рэжыму, выкарыстоўваюць заканадаўства аб барацьбе з экстрэмізмам і тэрарызмам для падаўлення іншадумства і актывізуюць намаганні па пераследзе беларусаў за мяжой, у тым ліку праз завочныя судовыя працэсы.
Эксперты ААН прыйшлі да высновы аб наяўнасці разумных падстаў меркаваць, што прэзідэнт Лукашэнка і іншыя высокапастаўленыя службовыя асобы нясуць адказнасць за злачынствы супраць чалавечнасці ў выглядзе палітычнага пераследу і пазбаўлення волі ў рамках арганізаванага рэпрэсіўнага апарата.
Беспакаранасць за парушэнні правоў чалавека на нацыянальным узроўні застаецца абсалютнай, што ўзмацняе актуальнасць нацыянальных і міжнародных механізмаў прыцягнення да адказнасці, у тым ліку расследавання на аснове экстратэрытарыяльнай і ўніверсальнай юрысдыкцыі, а таксама важнасць захавання і аналізу доказаў для будучых судовых пераследаў.
Платформа IAPB заклікае міжнародную супольнасць захоўваць ціск, уважліва сачыць за развіццём падзей у Беларусі і выкарыстоўваць усе даступныя сродкі для прыцягнення да адказнасці вінаватых у бягучых і мінулых парушэннях правоў чалавека. У нашым дакладзе “Шляхі да забеспячэння адказнасці ў Беларусі” прадстаўлена падрабязнае апісанне механізмаў забеспячэння адказнасці, здольных змагацца з сур’ёзнымі парушэннямі правоў чалавека і міжнароднага крымінальнага права ў Беларусі.
Мы глыбока ўдзячныя нашым донарам за працяг падтрымкі. З моманту свайго стварэння Платформа атрымлівала падтрымку шырокага кола дзяржаў, а менавіта (а алфавітным парадку) Аўстрыі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Даніі, ЗША, Ірландыі, Ісландыі, Канады, Латвіі, Літвы, Ліхтэнштэйна, Нарвегіі, Нідэрландаў, Польшчы, Румыніі, Славакіі, Фінляндыі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі, Эстоніі, а таксама Еўрапейскага Саюза.
Па дадатковую інфармацыю звяртайцеся, калі ласка, да Андрэа Хубер, кіраўніка Платформы, па адрасе anhu@dignity.dk.
28.05.2025
У перыяд з кастрычніка 2024 года па сакавік 2025 года парушэнні правоў чалавека ў Беларусі па-ранейшаму заставаліся на трывожным узроўні, з сістэматычнымі рэпрэсіямі за рэальнае ці меркаванае палітычнае іншадумства. Міжнародная платформа па прыцягненні вінаватых да адказнасці ў Беларусі (Платформа) і шматлікія праваабарончыя арганізацыі задакументавалі дзеянні, якія могуць быць кваліфікаваныя як злачынствы супраць чалавечнасці, паводле апошняй справаздачы аб ходзе работы Платформы.
Прэзідэнцкія выбары 26 студзеня 2025 года, у выніку якіх Аляксандр Лукашэнка быў абраны на сёмы тэрмін на фоне масавых абвінавачванняў у фальсіфікацыі выбараў, яшчэ больш умацавалі аўтарытарны кантроль і ўзмацнілі палітычныя рэпрэсіі.
“Нягледзячы на значныя палітычныя перашкоды, Платформа IAPB застаецца цвёрда адданай справе садзейнічання правасуддзю для пацярпелых і забеспячэння адказнасці за парушэнні правоў чалавека і міжнародныя злачынствы ў Беларусі”, – заявіла Андрэа Хубер, кіраўнік Платформы IAPB. “Аднак справядлівасць у Беларусі не пераможа без пастаяннага міжнароднага ціску і ўвагі”.
У справаздачны перыяд беларускія ўлады ўзмацнілі рэпрэсіі:
- Праваабарончы цэнтр “Вясна” зафіксаваў 2 958 палітычна матываваных затрыманняў і судовых працэсаў.
- У зняволенні заставаліся 1 205 палітычных вязняў, у тым ліку вядомыя праваабаронцы.
- Сілавікі мэтанакіравана пераследвалі ўдзельнікаў мінулых пратэстаў, каб запалохаць людзей перад выбарамі.
- У “экстрэмісцкі” спіс уключылі 511 чалавек, і прызналі “экстрэмісцкімі” яшчэ 19 арганізацый.
- Паведамлялася аб двух выпадках смерці ў месцах зняволення і аб бесчалавечных умовах утрымання пад вартай.
- Затрыманыя, у тым ліку жанчыны, падвяргаліся пагрозам сэксуальнага гвалту і разлучэння з дзецьмі.
- Свабода прэсы і права на абарону былі сур’ёзна абмежаваныя: у зняволенні знаходзіўся 41 журналіст, а прынамсі пяцёра адвакатаў былі пазбаўленыя права займацца адвакацкай дзейнасцю.
Рэпрэсіі рэжыму выйшлі за межы Беларусі. Зафіксавана 24 завочных судовых працэсы, а
прынятыя ў лютым 2025 г. папраўкі да Крымінальнага кодэксу пашырылі сферу іх прымянення,
што выклікала сур’ёзную заклапочанасць у галіне правоў чалавека. Таксама ўзмацнілася
сачэнне за беларускімі эмігрантамі, якія ўдзельнічаюць у апазіцыйнай дзейнасці.
“У адказ на гэта Платформа працягнула сваю надзвычай важную працу па зборы доказаў і забеспячэнні прыцягнення вінаватых да адказнасці”, адзначыў Павел Сапелка, прадстаўнік арганізацыі “Вясна”, сузаснавальніка Платформы. “За апошнія шэсць месяцаў было сабрана 76 новых сведчанняў, якія папоўнілі закрытую базу дадзеных, што змяшчае ўжо 2775 сведчанняў”.
На сённяшні дзень Платформа сабрала больш за 30 000 дакументаў, якія тычацца сведак, і 1,5 мільёна матэрыялаў з адкрытых крыніц, якія могуць быць выкарыстаны ў судовых расследаваннях. Працягваецца аналіз доказаў датычнасці з мэтай выяўлення ланцужкоў камандавання, якія злучаюць высокапастаўленых службовых асоб са злачынствамі, здзейсненымі іх падначаленымі.
Сярод задакументаваных парушэнняў — фізічнае і псіхалагічнае жорсткае абыходжанне, сексуальны і гендарны гвалт, магчымыя незаконныя забойствы, бесчалавечныя ўмовы ўтрымання пад вартай, а таксама парушэнні права на належнае судовае разбіральніцтва і іншых асноўных правоў.
“Платформа па-ранейшаму адданая справе падтрымкі пацярпелых“,- заявіла Вікторыя Фёдарава, прадстаўніца Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі, сузаснавальніка Платформы. “На працягу справаздачнага перыяду яшчэ 88 пацярпелых атрымалі псіхалагічную і псіхасацыяльную падтрымку, што яшчэ раз пацвердзіла нашу прыхільнасць падыходу, арыентаванаму на пацярпелых“.
У рамках сваёй працы па падтрымцы нацыянальных і міжнародных намаганняў па забеспячэнні адказнасці Платформа ў студзені 2025 года, услед за зваротам Літвы ў Міжнародны крымінальны суд з нагоды сітуацыі ў Беларусі, прадставіла ў МКС даклад аб магчымых злачынствах супраць чалавечнасці ў Беларусі. Яна таксама аказала дапамогу пракурорам у дзвюх юрысдыкцыях, у выніку чаго агульная колькасць пададзеных ёю прадстаўленняў дасягнула дзевяці ў пяці краінах, і паглыбіла супрацоўніцтва з Групай незалежных экспертаў ААН па правах чалавека ў Беларусі (ГНЭБ), якой было перададзена больш за 1500 файлаў.
Аб Платформе:
Міжнародная платформа па прыцягненні вінаватых да адказнасці для Беларусі (IAPB), створаная ў сакавіку 2021 года, — гэта кансорцыум беларускіх і міжнародных НДА, які збірае, кансалідуе, верыфікуе і захоўвае доказы грубых парушэнняў правоў чалавека, меркавана здзейсненых беларускімі ўладамі і іншымі асобамі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх.
Для атрымання дадатковай інфармацыі, калі ласка, звяртайцеся да Андрэа Хубер, кіраўніка Платформы IAPB, anhu@dignity.dk.
Спампаваць справаздачу аб ходзе работы
05.02.25
Міжнародная платформа па прыцягненні вінаватых да адказнасці для Беларусі (IAPB) прадставіла доказы і юрыдычны аналіз у Канцылярыю пракурора Міжнароднага крымінальнага суда (МКС) для папярэдняга вывучэння пытання аб тым, ці валодае Суд юрысдыкцыяй для расследавання і пераследу меркаваных злачынстваў супраць чалавечнасці, улучна з дэпартацыяй, пераследам і іншымі бесчалавечнымі актамі, здзейсненымі беларускімі высокапастаўленымі службовымі асобамі з 1 мая 2020 года.
У Паведамленні Платформы, прадстаўленым 31 студзеня 2025 года, выкладзены фактычны і юрыдычны аналіз доказаў, сабраных Платформай падчас інтэрв’ю са сведкамі і пацярпелымі, а таксама матэрыялаў з адкрытых крыніц, наяўных у калекцыі Платформы. Паведамленне было падрыхтаванае ў сувязі з перадачай Літвой пытання аб сітуацыі ў Беларусі Пракурору МКС 30 верасня 2024 года, і зваротам 13 праваабарончых арганізацый, разам з Платформай, да іншых дзяржаў-удзельніц МКС з заклікам далучыцца да яе.
“Перадача Літвой справы ў МКС азначае сабой важную вяху на шляху да правасуддзя для пацярпелых ад злачынстваў супраць чалавечнасці ў Беларусі”, – сказала Андрэа Хубер, кіраўнік Платформы. – “Дзякуючы стойкасці і мужнасці беларускіх пацярпелых і праваабаронцаў, а таксама камандзе Платформы, цвёрда намеранай дамагчыся змены сітуацыі, мы змаглі перадаць Пракурору МКС істотную інфармацыю і доказы для разгляду”.
Паведамленне Платформы, заснаванае на артыкуле 15 (2) Рымскага статута, змяшчае фактычныя звесткі, у тым ліку аб грамадзянскіх пратэстах і рэакцыі дзяржавы, жорсткім абыходжанні падчас пратэстаў, затрыманняў, ператрусаў і ўтрымання пад вартай, іншых парушэннях асноўных правоў, прымусовым выездзе грамадзянскіх асоб з Беларусі і парушэннях правоў чалавека пасля выезду з Беларусі. Акрамя таго, быў прадстаўлены юрыдычны аналіз пытанняў юрысдыкцыі, асноватворных актаў меркаваных злачынстваў супраць чалавечнасці і прымальнасці справы, а таксама адпаведныя дадаткі аб месцах утрымання пад вартай і дзяржаўных структурах у Беларусі.
Міжнародная платформа па прыцягненні вінаватых да адказнасці, кансорцыум беларускіх і міжнародных НДА, створаны ў 2021 годзе, займаецца зборам, кансалідацыяй, праверкай і захаваннем доказаў грубых парушэнняў правоў чалавека, якія з’яўляюцца злачынствамі па міжнародным праве, меркавана здзейсненых беларускімі ўладамі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх. База дадзеных Платформы змяшчае больш за 29 000 дакументаў, якія маюць дачыненне да 2 600 апытаных, і больш за мільён архіваваных матэрыялаў з адкрытых крыніц.
Акрамя гэтага Паведамлення ў МКС, Платформа прадставіла доказы, інфармацыю і аналітычныя матэрыялы пяці дзяржавам, механізмам ААН па прыцягненні да адказнасці і Маскоўскаму механізму АБСЕ, а таксама супрацоўнічала з юрыстамі і арганізацыямі грамадзянскай супольнасці з мэтай прыцягнення да адказнасці асоб, якія здзейснілі міжнародныя злачынствы, і забеспячэння правасуддзя і кампенсацыі шкоды для пацярпелых у Беларусі.
“Акрамя магчымага расследавання Міжнародным крымінальным судом, захоўваецца вострая неабходнасць барацьбы з беспакаранасцю таксама шляхам правядзення нацыянальных расследаванняў і судовага пераследу ў адпаведнасці з прынцыпам універсальнай юрысдыкцыі, з тым, каб забяспечыць перамогу правасуддзя.”, – заявіла Хубер. — “Платформа гатовая прадставіць доказы і аналіз нацыянальным пракурорам, якія вядуць расследаванне парушэнняў міжнароднага крымінальнага права ў Беларусі“.
Па дадатковую інфармацыю просім звяртацца да Андрэі Хубер, кіраўніцы Платформы, па адрасе anhu@dignity.dk.