Frequently asked questions

Frequently asked questions

Table of Contents

Ці будзе Платформа расследаваць усе парушэнні правоў чалавека ў Беларусі?

Адна з мэтаў Платформы — расследаванне грубых парушэнняў правоў чалавека, якія ўяўляюць сабой злачынствы па міжнароднаму праву, што, як мяркуецца, былі учыненыя напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 г. і пасля іх.

Грубыя парушэнні правоў чалавека, якія кваліфікуюцца як злачынствы па міжнароднаму праву, — гэта катаванні, гвалтоўныя знікненні і пазасудовыя забойствы. Да іх таксама адносяцца злачынствы супраць чалавечнасці, учыненыя ў выніку гэтых ці іншых дзеянняў, такіх як акты сэксуальнага гвалту, адвольныя затрыманні і пераслед. У справаздачах органаў ААН і няўрадавых арганізацый сцвярджаецца аб здзяйсненні такіх злачынстваў у Беларусі.

Платформа не будзе займацца расследаваннем іншых парушэнняў міжнароднага права правоў чалавека, якія не з’яўляюцца злачынствамі па міжнародным праве.

Якім чынам Платформа будзе спрыяць прыцягненню да адказнасьці меркаваных вінаватых у злачынствах па міжнароднаму праву, учыненых у Беларусі?

Платформа будзе займацца зборам, праверкай і захоўваннем інфармацыі і доказаў з мэтай падтрымкі нацыянальных органаў следства і пракуратуры, якія валодаюць або могуць валодаць юрысдыкцыяй ў дачыненні да меркаваных вінаватых у здзяйсненні злачынстваў па міжнародным праве ў Беларусі. Законы некаторых краін дазваляюць іх пракуратурам ажыццяўляць пераслед меркаваных злачынцаў у адпаведнасці з прынцыпам універсальнай юрысдыкцыі, г.зн. дзяржавы могуць пераследваць вінаватых у здзяйсненні пэўных злачынстваў па міжнародным праве, нават калі яны былі здзейсненыя на тэрыторыі іншых дзяржаў. Напрыклад, сістэма ўніверсальнай юрысдыкцыі ў Германіі дазваляе расследаваць справы і пераследаваць меркаваных вінаватых у здзяйсненні пэўных злачынстваў па міжнародным праве незалежна ад іх грамадзянства, грамадзянства пацярпелых, а таксама месца здзяйснення злачынства.

Платформа будзе аказваць падтрымку нацыянальным органам крымінальнага пераследу такіх дзяржаў, падаючы ім сабраную інфармацыю і доказы, а таксама аналітыку на аснове гэтых доказаў, пры выкананні крытэрыяў, выкладзеных у Стандартных аперацыйных працэдурах № 6 у дачыненні да атрымання і перадачы інфармацыі і доказаў (САП №6). Такія крытэрыі ўключаюць у сябе адпаведнасць нацыянальнай сістэмы крымінальнага правасуддзя міжнародным нормам і стандартам у галіне правоў чалавека, немагчымасць вынясення або прывядзення ў выкананне смяротных прысудаў, а таксама наяўнасць дастатковых гарантый для абароны сведак і пацярпелых.

У асобных выпадках Платформа можа падтрымліваць і іншыя судовыя або квазісудовыя працэдуры або праваабарончыя механізмы, якія ў цэлым спрыяюць прадухіленню грубых парушэнняў правоў чалавека, забеспячэнню адказнасці за злачынствы па міжнародным праве, меркавана ўчыненыя ў Беларусі, або аблягчэнню доступу да іншых сродкаў прававой абароны і пакрыцця ўрону для пацярпелых. Крытэрыі, па якіх Платформа будзе прымаць такія рашэнні, выкладзены ў САП № 6.

Ці мае Міжнародны крымінальны суд юрысдыкцыю ў дачыненні да злачынстваў, здзейсненых у Беларусі?

Беларусь не ратыфікавала Рымскі статут, устаноўчую дамову Міжнароднага крымінальнага суда (МКС). Нягледзячы на тое, што гэта пытанне следства, на дадзены момант інфармацыя з адкрытых крыніц паказвае на тое, што меркаваныя злачынствы па міжнародным праве ў Беларусі, хутчэй за ўсё, былі здзейсненыя беларусамі і на тэрыторыі Беларусі. Адпаведна, для ажыццяўлення юрысдыкцыі над Беларуссю як дзяржавай, якая не з’яўляецца ўдзельнікам дамовы, МКС спатрэбіцца спецыяльная заява Беларусі аб прызнанні юрысдыкцыі МКС або рэзалюцыя Савета Бяспекі аб перадачы сітуацыі ў Беларусі на разгляд Міжнароднага крымінальнага суда. Паколькі ні таго, ні іншага дагэтуль не адбылося, МКС не валодае юрысдыкцыяй ў дачыненні да ўсіх злачынстваў, учыненых у Беларусі.

Тры суседніх з Беларуссю дзяржавы, а менавіта Літва, Польшча і Латвія, з’яўляюцца дзяржавамі-ўдзельніцамі Рымскага статута. Мяркуючы па рашэнні аб юрысдыкцыі, прынятым у сітуацыі з М’янмай, патэнцыйна МКС можа ажыццяўляць юрысдыкцыю пры наяўнасці трансгранічных элементаў у складзе злачынстваў, учыненых у Беларусі, а менавіта, калі адзін або некалькі элементаў злачынстваў былі здзейсненыя на тэрыторыі суседняй дзяржавы. У выпадку М’янмы, МКС выявіў, што дэпартацыя як злачынства супраць чалавечнасці мае ў сваім складзе такія трансгранічныя элементы. Па гэтым прыкладзе, шэраг арганізацый сумесна накіравалі паведамленне ў Канцылярыю Пракурора МКС з просьбай аб ажыццяўленні юрысдыкцыі згодна з артыкулам 15 Рымскага статута ў дачыненні да дэпартацыі і іншых злачынстваў, часткова ўчыненых на тэрыторыі трох суседніх дзяржаў. Канцылярыя пракурора не дала публічнага адказу на гэтае паведамленне і не давяла, ці мае яна намер пачаць папярэднюю праверку сітуацыі ў Беларусі, што з’яўляецца перадумовай пачатку расследавання.

У чым розніца паміж працай Платформы і працай групы УВКПЧ па разглядзе сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі?

29 сакавіка 2021 года Рада ААН па правах чалавека прыняла рэзалюцыю 46/20, даручыўшы Вярхоўнаму камісару ААН па правах чалавека:

  • ажыццяўляць маніторынг і прадстаўляць даклады аб становішчы ў галіне правоў чалавека, усебакова разгледзець усе паведамленні аб парушэннях правоў чалавека, учыненых у Беларусі з 1 траўня 2020 года, уключаючы магчымыя гендэрныя аспекты такіх парушэнняў, устанавіць факты і абставіны, звязаныя з меркаванымі парушэннямі, а таксама збіраць, зводзіць разам, захоўваць і аналізаваць інфармацыю і сведчанні з мэтай садзейнічання прыцягненню вінаватых да правасуддзя і забеспячэння справядлівасці для ахвяр і, па магчымасці, выяўляць тых, хто нясе за гэта адказнасць;
  • выносіць агульныя рэкамендацыі па паляпшэнню захавання і абароны правоў чалавека і, у выпадку неабходнасці, даваць ўказанні адносна доступу да правасуддзя і прыцягнення да адказнасці; і
  • узаемадзейнічаць з беларускімі ўладамі і ўсімі зацікаўленымі бакамі, у прыватнасці з беларускай, рэгіянальнай і міжнароднай грамадзянскай супольнасцю, міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі, установамі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, арганізацыяй па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе і адпаведнымі дзяржавамі, з мэтай абмену інфармацыяй, па меры неабходнасці, і аказання падтрымкі нацыянальным, рэгіянальным і міжнародным намаганням, накіраваным на садзейнічанне прыцягненню да адказнасці за парушэнні правоў чалавека ў Беларусі;

 

Пазней Вярхоўны камісар заснаваў Групу Управы Вярхоўнага Камісара па правах чалавека па разглядзе сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі (OHCHR Examination), якая павінна прадставіць даклад аб выніках сваёй працы на 49- й сесіі Савета ААН па правах чалавека ў лютым-сакавіку 2022 г. У адрозненне ад Платформы, мандат групы УВКПЧ па разглядзе сітуацыі ўключае “ўсе меркаваныя парушэнні правоў чалавека”, так што яна, верагодна, дакументуе і дакладвае Савету ААН па правах чалавека аб больш шырокім спектры парушэнняў правоў чалавека, чым тыя злачынствы, якія Платформа вызначыла ў якасці прыярытэтных.

Група УВКПЧ па разглядзе сітуацыі таксама будзе займацца больш шырокім колам задач у галіне адвакатавання, у тым ліку шляхам вынясення рэкамендацый беларускім уладам і іншым суб’ектам аб кроках, неабходных для прадухілення далейшых парушэнняў і прыцягнення да адказнасці асоб і дзяржаўных устаноў, адказных за здзейсненыя парушэнні. Платформа ж у першую чаргу займаецца ўстанаўленнем індывідуальнай крымінальнай адказнасці, хаця і не толькі гэтым.

Акрамя таго, хоць група УВКПЧ па разглядзе сітуацыі , як і Платформа, упаўнаважаная верыфікаваць, захоўваць і аналізаваць інфармацыю і доказы, група УВКПЧ звычайна карыстаецца доказным стандартам “важкія падставы меркаваць” для дакументавання парушэнняў правоў чалавека. Хоць праца групы будзе спрыяць працэсам прыцягнення вінаватых да адказнасці, ужываны ёю доказны стандарт можа не адпавядаць стандартам крымінальнага працэсу, дзе ўзровень доказаў павінен “не пакідаць месца для абгрунтаванага сумневу” або фармаваць “унутраную перакананасць”.

Як будзе Платформа падтрымліваць працу групы УВКПЧ па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі?

Платформа супрацоўнічае з групай УВКПЧ з моманту яе стварэння.  Платформа дала Групе УВКПЧ доступ да пацярпелых і сведак, да доказаў з адкрытых крыніц і іншай інфармацыі, для выкарыстання пры падрыхтоўцы свайго даклада у Савет ААН па правах чалавека 17 сакавіка. Платформа таксама дае УВКПЧ доступ да ўсёй сваёй калекцыі інфармацыі і доказаў, пры наяўнасці адпаведнай інфармаванай згоды.

Ці магу я накіраваць Платформе інфармацыю або доказы?

Пацярпелыя, сведкі, іх прадстаўнікі і іншыя асобы, якія жадаюць прадставіць інфармацыю Платформе, могуць зрабіць запыт з паведамленнем аб інфармацыі, якую яны жадаюць падаць, праз кантактную форму Платформы.