2021
01.01.2022
З 14 ліпеня ў Беларусі было затрымана прынамсі 9 праваабаронцаў, а таксама праведзены дзясяткі ператрусаў у офісах самых розных арганізацый грамадзянскай супольнасці і прыватных кватэрах асобных праваабаронцаў. Гэты маштабны наступ на грамадзянскую супольнасць з’яўляецца яшчэ адной спробай рэжыму Лукашэнкі прымусіць змоўкнуць іншадумцаў, абмежаваць асноўныя правы чалавека і спыніць законнае дакументаванне парушэнняў правоў чалавека, якія здзяйсняе рэжым. Такое дакументаванне неабходнае для прыцягнення вінаватых да адказнасці, і на сённяшні дзень ужо задакументавана больш за 2000 выпадкаў сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека.
Затрыманыя праваабаронцы могуць утрымлівацца пад вартай на працягу 72 гадзін, і на працягу гэтага тэрміну яны павінны быць альбо вызваленыя, альбо ім павінна быць прад’яўленае абвінавачванне ў здзяйсненні злачынства. Шмат каму з гэтых затрыманых цяпер выстаўленыя абвінавачванні.
IAPB асуджае такі пераслед грамадзянскай супольнасці і заклікае да неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных затрыманых і зняволеных, якія ўтрымліваюцца пад вартай з абуральным парушэннем міжнароднага права правоў чалавека. Незалежна ад дзеянняў рэжыму, Платформа працягне дакументаванне сур’ёзных парушэнняў міжнароднага права правоў чалавека з мэтай садзейнічання забеспячэнню адказнасці вінаватых і справядлівасці для пацярпелых у Беларусі.
Міжнародная платформа па прыцягненні да адказнасці для Беларусі – гэта кансорцыум НДА пад кіраўніцтвам DIGNITY, ПЦ “Вясна”, “Прававой ініцыятывы” ад імя Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў і REDRESS, у які ўваходзяць 14 беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацый. IAPB будзе збіраць, кансалідаваць, правяраць і захоўваць інфармацыю, дакументацыю і доказы сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі са жніўня 2020 года. Платформа атрымала падтрымку 21 дзяржавы.