2022
07.10.2022
Міжнародная платформа па прыцягненні вінаватых да адказнасці для Беларусі (IAPB) сардэчна віншуе беларускага праваабаронцу Алеся Бяляцкага, заснавальніка арганізацыі-сукіраўніка Платформы — Праваабарончага цэнтра «Вясна», з заслужанай узнагародай — Нобелеўскай прэміяй міру гэтага года.
Сёння Бяляцкі, які па-ранейшаму знаходзіцца ў турме ў Беларусі паводле сфабрыкаваных абвінавачванняў, атрымаў Нобелеўскую прэмію 2022 года разам з расейскай праваабарончай арганізацыяй «Мемарыял» і ўкраінскай праваабарончай арганізацыяй «Цэнтр грамадзянскіх свабод».
“Нарвежскі Нобелеўскі камітэт хацеў бы адзначыць трох выбітных змагароў за правы чалавека, дэмакратыю і мірнае суіснаванне краін-суседзяў — Беларусі, Расеі і Украіны», — сказала кіраўніца камітэта Берыт Рэйс-Андэрсэн, якая заклікала Беларусь вызваліць Бяляцкага з-за кратаў.
Нарвежскі Нобелеўскі камітэт адзначыў:
“Лаўрэаты прэміі міру прадстаўляюць грамадзянскую супольнасць у сваіх краінах. На працягу многіх гадоў яны змагаліся за права крытыкаваць уладу і абараняць асноўныя правы грамадзян. Яны прыклалі выбітныя намаганні для дакументавання ваенных злачынстваў, парушэнняў правоў чалавека і злоўжывання ўладай. Разам яны дэманструюць значэнне грамадзянскай супольнасці для міру і дэмакратыі».
“Навіна пра прэмію міру Алесю і нашым калегам з мемарыяла і ЦГС проста ашаламляльная! Гэта міжнароднае прызнанне заслуг Алеся і праваабарончых арганізацый, праява салідарнасці і сігнал падтрымкі праваабарончых каштоўнасцяў для ўсяго свету. Гэтая ўзнагарода Алесю за дзясяткі гадоў самаадданай барацьбы за правы чалавека, за дэмакратычныя каштоўнасці, за адраджэнне беларускай нацыі», — сказаў Павел Сапелка, прадстаўнік «Вясны» ў Кіруючым камітэце Платформы.
Як праваабаронца Бяляцкі амаль 30 гадоў вёў барацьбу за дэмакратыю і свабоду. Ён заснаваў Праваабарончы цэнтр “Вясна” ў 1996 годзе падчас масавых дэманстрацый дэмакратычнай апазіцыі ў Беларусі для аказання дапамогі затрыманым удзельнікам пратэстаў і іх сем’ям і з тых часоў з’яўляецца яго старшынёй. З таго часу «Вясна» стала вядучай праваабарончай арганізацыяй у Беларусі. Яна адной з першых асудзіла і стала дакументаваць парушэнні правоў чалавека, здзейсненыя вакол сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе. Бяляцкі быў зняволены з 2011 па 2014 гг.па абвінавачванні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, якое ён ніколі не прызнаваў, і цяпер ён зноў у турме з 2021 г. па тым жа абвінавачванні.
Кейт Віньесваран, кіраўнік Платформы, сказала:
“Алесь Бяляцкі прысвяціў сваё жыццё прасоўванню дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі, і за гэтую працу ён і іншыя сябры арганізацыі-сукіраўніка Платформы заплацілі высокую цану. Для нас вялікі гонар працягваць супрацоўніцтва з «Вясной» па дакументаванні злачынстваў па міжнародным праве ў Беларусі, каб гэтыя злачынствы не засталіся беспакаранымі. Мы таксама далучаемся да заклікаў да Беларусі неадкладна вызваліць Алеся Бяляцкага і ўсіх іншых сябраў “Вясны”, якія беззаконна знаходзяцца ў турме”.
29 верасня “Вясна” атрымала прэмію “Справядлівасць для абаронцаў дэмакратыі” ад Фонду Клуні за справядлівасць “за бясстрашнае і прафесійнае дакументаванне парушэнняў правоў чалавека і абарону свабоды ў Беларусі”. Прымала ўзнагароду Аліна Стэфановіч ад імя свайго мужа Валянціна, намесніка старшыні «Вясны», які цяпер таксама знаходзіцца ў зняволенні ў Беларусі.
Шэсць сябраў “Вясны” затрыманыя паводле сфабрыкаваных абвінавачванняў, абодва лідары арганізацыі знаходзяцца ў турме, а многія яе сябры былі вымушаныя з’ехаць з краіны. Апошнія прысуды сябрам “Вясны” былі вынесеныя 6 верасня 2022 г., калі два валанцёры арганізацыі атрымалі працяглыя тэрміны пазбаўлення волі на закрытым судовым працэсе.
Па дадатковую інфармацыю звяртайцеся:
(па-ангельску) Кейт Віньесваран, кіраўнік IAPB; kavi@dignity.dk
(па-беларуску / па-руску) Вікторыя Фёдарава, прадстаўнік Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі (арганізацыя-сукіраўнік IAPB) і кіраўнік “Прававой ініцыятывы”: gomellawyer@gmail.com
(па-беларуску / па-руску) Павел Сапелка, прадстаўнік і юрыст, Праваабарончы цэнтр “Вясна” (арганізацыя-сукіраўнік IAPB): sapelko@gmail.com
(Па-дацку) Тэрэза Рытэр, дырэктар па прававых пытаннях, Dignity (вядучая арганізацыя Платформы):
08.07.2022
Мандат міжнароднай платформы па прыцягненні вінаватых да адказнасці для Беларусі (IAPB) будзе падоўжаны яшчэ на 15 месяцаў пры цвёрдай падтрымцы 14 дзяржаў і Еўрапейскага саюза, паколькі сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца крытычнай, абвясціла сёння Платформа.
У адпаведнасці са сваім мандатам, Платформа працягне збор, захаванне і аналіз інфармацыі і доказаў злачынстваў па міжнародным праве, здзейсненых беларускімі ўладамі да, падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Яе мэта — зрабіць свой унёсак у дзеянні па прыцягненні вінаватых да адказнасці, якія забяспечаць справядлівасць для пацярпелых і іх супольнасцяў.
Платформа — гэта кансорцыум НДА, у які ўваходзяць 18 беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацый на чале з DIGNITY (Дацкі інстытут супраць катаванняў), Праваабарончым цэнтрам “Вясна”, Міжнародным камітэтам па расследаванні катаванняў у Беларусі і REDRESS.
“Працяг працы Платформы мае вырашальнае значэнне. У адрозненне ад Украіны, у нас няма падтрымкі нашай дзяржавы, калі ўлады краіны займаюцца дакументацыяй ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасці, узбуджаюць крымінальныя справы або ініцыююць расследаванне Міжнароднага крымінальнага суда”, — сказала Вікторыя Фёдарава, прадстаўнік арганізацыі-сузаснавальніка Платформы, Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі. — “Калі закон не працуе ўнутры краіны, дакументаванне парушэнняў правоў чалавека і міжнародных злачынстваў і захаванне доказаў з’яўляецца важным інструментам для прыцягнення вінаватых да адказнасці ў будучыні”.
У красавіку Платформа абвясціла, што з моманту яе запуску ў сакавіку 2021 года было сабрана больш за 20 000 дакументаў, у тым ліку заявы пацярпелых і сведак, і 500 000 матэрыялаў з адкрытых крыніц аб грубых парушэннях правоў чалавека, здзейсненых у Беларусі. На працягу апошняга года каманда Платформы, якая складаецца з юрыстаў, медыкаў і тэхнічных спецыялістаў, працавала над стварэннем неабходнай інфраструктуры для бяспечнага захоўвання, апрацоўкі і верыфікацыі велізарнай колькасці сабраных на сённяшні дзень дадзеных.
Падаўжэнне мандата дазволіць Платформе працягнуць працу па праверцы, кансалідацыі і аналізе гэтых дадзеных і падрыхтоўцы аналітычных прадуктаў для падтрымкі бягучых і будучых расследаванняў і судовага пераследу. Таксама гэта дасць Платформе магчымасць адказваць на запыты з боку органаў крымінальнага правасуддзя некаторых краін для ўзмацнення судовага пераследу ў адпаведнасці з прынцыпам універсальнай юрысдыкцыі, а таксама працягваць аказваць падтрымку групе Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека (УВКПЧ) па вывучэнні сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, мандат якой быў падоўжаны ў красавіку.
“Наша арганізацыя з задавальненнем і падзякай успрыняла магчымасць працягваць паўнавартасную працу па зборы, сістэматызацыі і захаванні доказаў грубых парушэнняў правоў чалавека, здзейсненых у Беларусі; гэта наш агульны доўг перад ахвярамі злачынстваў”, — сказаў Павел Сапелка, прадстаўнік і юрыст арганізацыі-сузаснавальніка Платформы, беларускага Праваабарончага цэнтра “Вясна”.
Платформа таксама плануе пашыраць супрацоўніцтва з мандатарыямі ААН і арганізацыямі грамадзянскай супольнасці для прасоўвання намаганняў па прыцягненні да адказнасці і забеспячэнні правасуддзя для ахвяр і пацярпелых у Беларусі, захоўваючы пры гэтым арыентацыю на пацярпелых.
Сярод дзяржаў, якія падтрымліваюць працяг мандата Платформы, на дадзены момант — Аўстрыя, Вялікабрытанія, Германія, Данія, ЗША, Ірландыя, Ісландыя, Нарвегія, Нідэрланды, Славакія, Фінляндыя, Чэхія, Швейцарыя і Швецыя, а таксама Еўрапейскі саюз.
“Платформа сфармавала інструменты, неабходныя для забеспячэння захаванасці інфармацыі і доказаў і іх даступнасці для следчых і пракурораў у параўнальна кароткія тэрміны, і пачала комплексную працу па аналізе сабранага матэрыялу з ужываннем стандартаў крымінальнага правасуддзя”, – сказала Кейт Віньесваран, кіраўнік Платформы. — “Працягваючы нашу працу яшчэ на 15 месяцаў, дзяржавы прызнаюць той значны ўнёсак, які цяпер мы можам зрабіць у падтрымку органаў па прыцягненні да адказнасці, каб прыцягнуць да адказу вінаватых у грубых парушэннях правоў чалавека, здзейсненых у Беларусі, і дамагчыся справядлівасці для пацярпелых”.
Больш інфармацыі на сайце iapbelarus.org або звяжыцеся з:
(Па-ангельску) Кейт Віньесваран, кіраўнік Платформы; kavi@dignity.dk
(Па-беларуску / па-руску) Вікторыя Фёдарава, прадстаўнік Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі (арганізацыя-сузаснавальнік Платформы) і кіраўнік”Прававой ініцыятывы”: gomellawyer@gmail.com
(Па-беларуску / па-руску) Павел Сапелка, прадстаўнік і юрыст Праваабарончага цэнтра ” Вясна “(арганізацыя-сузаснавальнік Платформы): p.sapelko@gmail.com
(Па-дацку) Тэрэза Рытэр, дырэктар па прававых пытаннях, Dignity (вядучая арганізацыя Платформы): TR@dignity.dk
10.06.2022
Сёння на сустрэчы са Святланай Ціханоўскай, лідарам дэмакратычнай апазіцыі Беларусі, Міжнародная платформа па прыцягненні вінаватых да адказнасці для Беларусі (IAPB), распавяла пра сваю працу па падтрымцы намаганняў па прыцягненні да адказнасці за грубыя парушэнні правоў чалавека, здзейсненыя ў Беларусі.
IAPB — гэта кааліцыя незалежных няўрадавых арганізацый, якія аб’ядналі свае намаганні для збору, апрацоўкі, верыфікацыі і захавання доказаў сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека, якія з’яўляюцца злачынствамі супраць чалавечнасці, меркавана здзейсненых беларускімі ўладамі і іншымі суб’ектамі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і ў наступны перыяд. Сустрэча, першая з лідарам апазіцыі ў выгнанні, адбылася ў Капенгагене, і ў ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі Кіруючага камітэта IAPB — Праваабарончага цэнтра “Вясна”, Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі, Дацкага інстытута супраць катаванняў “DIGNITY ” – і члены Сакратарыята IAPB.
Платформа прадставіла Ціханоўскай агляд праведзенай на сённяшні дзень працы па зборы і захаванні інфармацыі і доказаў, а таксама па прадастаўленні доказаў у распараджэнне органаў па забеспячэнні адказнасці, і распавяла пра свае планы па забеспячэнні даступнасці такіх матэрыялаў для доўгатэрміновых намаганняў па прыцягненні вінаватых да адказнасці і забеспячэнні сродкаў прававой абароны і кампенсацыі шкоды пацярпелым.
З моманту свайго запуску IAPB сабрала больш за 20 000 дакументаў, у тым ліку заявы пацярпелых і сведак і звязаныя з імі дакументы, а таксама 500 000 матэрыялаў з адкрытых крыніц аб грубых парушэннях правоў чалавека, здзейсненых у Беларусі. Яна таксама аказала падтрымку Экспертызе УВКПЧ ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і органам крымінальнага правасуддзя ў некалькіх краінах, каб забяспечыць прыцягненне да адказнасці асоб, якія ўчынілі гэтыя злачынствы.
Апошняя справаздача аб ходзе працы Платформы, апублікаваная ў красавіку, падкрэслівае, што з верасня 2021 года сітуацыя ў Беларусі застаецца крытычнай, у тым ліку ў кантэксце нядаўніх пратэстаў супраць патэнцыйнай падтрымкі Беларуссю агрэсіі Расеі супраць Украіны.
Беларускія ўлады працягваюць пераследаваць асоб, якіх лічаць для сябе пагрозай, а таксама ліквідавалі большасць арганізацый грамадзянскай супольнасці. Па стане на 9 чэрвеня 2020 года, паводле дадзеных члена Кіраўнічага камітэта Платформы, ПЦ “Вясна”, у Беларусі налічвалася 1232 палітычных зняволеных, у тым ліку некалькі сябраў “Вясны”, а таксама са жніўня 2020 года было пададзена больш за 4000 скаргаў на катаванні і іншыя віды жорсткага абыходжання ў дзяржаўных установах.
Праца IAPB грунтуецца на пастаянных намаганнях беларускіх праваабарончых арганізацый па зборы інфармацыі аб парушэннях правоў чалавека, здзейсненых у Беларусі, і падтрымліваецца 20 дзяржавамі і Еўрапейскім саюзам.
Для атрымання дадатковай інфармацыі, калі ласка, наведайце iapbelarus.org, альбо звяжыцеся з намі:
(па-ангельску) Кейт Віньесваран, кіраўнік IAPB; kavi@dignity.dk
(па-беларуску / па-руску) Вікторыя Фёдарава, прадстаўнік Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі (арганізацыя-сукіраўнік IAPB) і кіраўнік “Прававой ініцыятывы”: gomellawyer@gmail.com
(па-беларуску / па-руску) Павел Сапелка, прадстаўнік і юрыст, Праваабарончы цэнтр “Вясна” (арганізацыя-сукіраўнік IAPB): sapelko@gmail.com
па-дацку Тэрэза Рытэр, юрыдычны дырэктар Dignity (арганізацыя-кіраўнік IAPB): TR@dignity.dk
01.03.2022
Платформа стварыла ўсю інфраструктуру, неабходную для выканання сваіх задач
“Цяпер мы цалкам гатовыя працаваць з сабранай інфармацыяй, што вельмі важна для дасягнення правасуддзя ў інтарэсах ахвяр і пацярпелых ад меркаваных злачынстваў па міжнародным праве ў Беларусі”, – кажа кіраўнік Платформы, галоўны ўрач Енс Модвіг.
Міжнародная платформа для Беларусі па прыцягненню вінаватых да адказнасці публікуе сваю першую справаздачу.
Платформа стартавала 24 сакавіка 2021 года з мэтай сабраць, апрацаваць і захаваць доказы сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Платформа — гэта вынік супрацоўніцтва 18 беларускіх і міжнародных экспертных арганізацый. У Кіруючы камітэт уваходзяць дзве незалежныя беларускія праваабарончыя арганізацыі, а таксама REDRESS і DIGNITY-Дацкі інстытут супраць катаванняў, які ўзначальвае Платформу. Платформа мае падтрымку і фінансаванне ад 20 дзяржаў, а таксама Еўрапейскага Саюза.
Платформа існуе ўжо шэсць месяцаў, час падводзіць першыя вынікі. Енс Модвіг адзначае, што сябры Платформы, асабліва чатыры арганізацыі, якія ўваходзяць у склад Кіруючага камітэта, наладзілі працоўныя працэсы, якія могуць эфектыўна спрыяць прыцягненню да адказнасці асоб, якія ўчынілі меркаваныя злачынствы па міжнародным праве ў Беларусі. Была створана група тэхнічных экспертаў, а таксама інфраструктура, здольная падтрымліваць рэалізацыю мэтаў Платформы.
Сюды ўваходзіць шэраг стандартных аперацыйных працэдур і рэгламентаў дзейнасці, а таксама ІТ-сістэма, якая забяспечвае высокую ступень бяспекі. Платформа мае вялікі аб’ём дадзеных, праверкай, апрацоўкай і аналізам якіх цяпер займаецца каманда. У той жа час Платформа супрацоўнічае з групай УВКПЧ па вывучэнні сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, створанай у адпаведнасці з рэзалюцыяй 46/20 Савета ААН па правах чалавека. “Платформа — гэта вельмі моцнае транснацыянальнае супрацоўніцтва паміж усімі яе ўдзельнікамі, якое мае цвёрдую падтрымку 20 дзяржаў і ЕС”, – кажа Енс Модвіг.
Кантакты для прэсы:
DIGNITY, тэлефон: + 45 22 91 00 20 або электронная пошта: presse@dignity.dk
01.02.2022
Акрамя таго, 26 жніўня 2021 года Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь заявіў, што не будзе пачынаць расследаванне або крымінальны пераслед па заявах аб катаваннях і іншых міжнародных злачынствах, у тым ліку аб жорсткім пазбаўленні волі і сэксуальным гвалце.
Паводле заявы СК, гэтае рашэнне тычылася заяў, пададзеных у Следчы камітэт РБ 680 асобамі, затрыманымі ў перыяд з пачатку жніўня 2020 года. Следчы камітэт далей заявіў, што ўсе выпадкі прымянення дзяржаўнымі органамі фізічнай сілы ў існуючай абстаноўцы адпавядалі беларускаму заканадаўству.
Гэта заява — першая ў сваім родзе, і дэманструе нежаданне Беларусі праводзіць аператыўныя, эфектыўныя і бесстароннія расследаванні па абвінавачаннях у датычнасьці дзяржаўных органаў да злачынстваў па міжнародным праве. Поўная адмова Следчага камітэта Беларусі ва ўзбуджэнні крымінальных спраў у адказ на значную колькасць заяваў аб катаваннях і жорсткім абыходжанні, у тым ліку сэксуальным гвалце, з боку дзяржаўных органаў да, падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года парушае абавязальніцтвы Беларусі па міжнародным праве.
У прыватнасці, згодна з артыкулам 12 Канвенцыі ААН супраць катаванняў (UNCAT), Беларусь абавязаная правесці хуткае і бесстаронняе расследаванне, калі маюцца дастатковыя падставы меркаваць, што катаванні або жорсткае абыходжанне ў любой форме мелі месца на любой тэрыторыі, якая знаходзіцца пад яе юрысдыкцыяй. Артыкул 13 Канвенцыі прадастаўляе асобам, якія перажылі катаванні, права на прад’яўленне скаргі кампетэнтным уладам і на хуткі і бесстаронні разгляд імі такой скаргі. Дзяржава павінна прыняць меры для забеспячэння абароны пацярпелых ад далейшага жорсткага абыходжання або запалохвання.
У сувязі з гэтым Платформа заклікае Беларусь выконваць свае абавязальніцтвы па міжнародным праве. У прыватнасці, Беларусь, як і любая іншая дзяржава-удзельнік Канвенцыі ААН супраць катаванняў, павінна забяспечыць аператыўнае, эфектыўнае і бесстаронняе расследаванне заяў аб катаваннях і іншых злачынствах па міжнародным праве. Акрамя таго, Платформа заклікае да разгляду любой скаргі на рашэнне Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь аб адмове ва ўзбуджэнні расследавання, і да абароны асоб, якія заяўляюць аб жорсткім абыходжанні, з дапамогай падачы скаргаў або апеляцый, ад любых формаў жорсткага абыходжання, запалохвання або іншых формаў пераследу, у адпаведнасці з міжнародным правам.
У адпаведнасці са сваім мандатам, Платформа працягне збор, захаванне і аналіз інфармацыі і доказаў злачынстваў па міжнародным праве, здзейсненых беларускімі ўладамі да, падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Яе мэта — зрабіць свой унёсак у працэсы прыцягнення вінаватых да адказнасці, якія забяспечаць справядлівасць для пацярпелых і іх супольнасцяў.
Міжнародная платформа па прыцягненні вінаватых да адказнасці для Беларусі ўяўляе сабой кансорцыум НДА, у які ўваходзяць 14 беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацый, пад кіраўніцтвам Дацкага інстытута супраць катаванняў DIGNITY, ПЦ “Вясна”, ГА “Прававая ініцыятыва” ад імя Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі і REDRESS. Платформа мае падтрымку ад 21 дзяржавы.
Міжнародная платформа па прыцягненні вінаватых да адказнасці для Беларусі (IAPB) асуджае затрыманне праваабаронцаў.
З 14 ліпеня ў Беларусі затрымана не менш за 9 праваабаронцаў, праведзеныя дзясяткі ператрусаў у офісах розных арганізацый грамадзянскай супольнасці і прыватных кватэрах асобных праваабаронцаў. Гэты маштабны наступ на грамадзянскую супольнасць у Беларусі — яшчэ адна спроба рэжыму Лукашэнкі прымусіць іншадумцаў маўчаць, абмежаваць асноўныя правы чалавека і спыніць законнае дакументаванне парушэнняў правоў чалавека, якія здзяйсняюцца гэтым рэжымам. Такое дакументаванне неабходна для прыцягнення вінаватых да адказнасці. На дадзены момант, ужо задакументавана больш за 2000 выпадкаў сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека.
Затрыманыя праваабаронцы могуць утрымлівацца пад вартай на працягу 72 гадзін, і на працягу гэтага тэрміну яны павінны альбо быць вызваленыя, альбо ім павінна быць прад’яўленае абвінавачванне ў здзяйсненні злачынства. Многім з затрыманых ужо прад’яўленыя абвінавачванні.
Платформа асуджае такое падаўленне грамадзянскай супольнасці і заклікае да неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных затрыманых і зняволеных, якія ўтрымліваюцца пад вартай з грубым парушэннем міжнароднага права правоў чалавека. Незалежна ад дзеянняў рэжыму, Платформа працягне дакументаванне сур’ёзных парушэнняў міжнароднага права ў галіне правоў чалавека з мэтай садзейнічання прыцягненню вінаватых да адказнасці, правасуддзю і справядлівасці для пацярпелых.
Міжнародная платформа па прыцягненні вінаватых да адказнасці для Беларусі ўяўляе сабой кансорцыум НДА, у які ўваходзяць 14 беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацый, пад кіраўніцтвам DIGNITY, ПЦ “Вясна”, ГА “Прававая ініцыятыва” ад імя Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў і REDRESS. Платформа будзе збіраць, кансалідаваць, правяраць і захоўваць інфармацыю, дакументацыю і доказы сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі са жніўня 2020 года. Платформа мае падтрымку ад 21 дзяржавы.
01.01.2022
З 14 ліпеня ў Беларусі было затрымана прынамсі 9 праваабаронцаў, а таксама праведзены дзясяткі ператрусаў у офісах самых розных арганізацый грамадзянскай супольнасці і прыватных кватэрах асобных праваабаронцаў. Гэты маштабны наступ на грамадзянскую супольнасць з’яўляецца яшчэ адной спробай рэжыму Лукашэнкі прымусіць змоўкнуць іншадумцаў, абмежаваць асноўныя правы чалавека і спыніць законнае дакументаванне парушэнняў правоў чалавека, якія здзяйсняе рэжым. Такое дакументаванне неабходнае для прыцягнення вінаватых да адказнасці, і на сённяшні дзень ужо задакументавана больш за 2000 выпадкаў сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека.
Затрыманыя праваабаронцы могуць утрымлівацца пад вартай на працягу 72 гадзін, і на працягу гэтага тэрміну яны павінны быць альбо вызваленыя, альбо ім павінна быць прад’яўленае абвінавачванне ў здзяйсненні злачынства. Шмат каму з гэтых затрыманых цяпер выстаўленыя абвінавачванні.
IAPB асуджае такі пераслед грамадзянскай супольнасці і заклікае да неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных затрыманых і зняволеных, якія ўтрымліваюцца пад вартай з абуральным парушэннем міжнароднага права правоў чалавека. Незалежна ад дзеянняў рэжыму, Платформа працягне дакументаванне сур’ёзных парушэнняў міжнароднага права правоў чалавека з мэтай садзейнічання забеспячэнню адказнасці вінаватых і справядлівасці для пацярпелых у Беларусі.
Міжнародная платформа па прыцягненні да адказнасці для Беларусі – гэта кансорцыум НДА пад кіраўніцтвам DIGNITY, ПЦ “Вясна”, “Прававой ініцыятывы” ад імя Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў і REDRESS, у які ўваходзяць 14 беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацый. IAPB будзе збіраць, кансалідаваць, правяраць і захоўваць інфармацыю, дакументацыю і доказы сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі са жніўня 2020 года. Платформа атрымала падтрымку 21 дзяржавы.