У дзясятай справаздачы Платформы аб ходзе работы прадстаўлена сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі за перыяд з 1 кастрычніка 2025 года па 30 сакавіка 2026 года, а таксама апісаны намаганні Платформы, накіраваныя на забеспячэнне адказнасці і падтрымку пацярпелых.
У справаздачны перыяд рэпрэсіі ў Беларусі па-ранейшаму насілі сістэматычны і паўсюдны характар, што выяўлялася ў працягу палітычна матываваных судовых працэсаў, шырокім злоўжыванні заканадаўствам аб экстрэмізме і тэрарызме, а таксама ў пашырэнні формаў транснацыянальных рэпрэсій. Было зафіксавана не менш за 390 новых выпадкаў пераследу па палітычных матывах, а агульная колькасць вынесеных прысудаў з 2020 года перавысіла 8 200. Па стане на сакавік 2026 года 911 чалавек па-ранейшаму знаходзіліся ў зняволенні па палітычных матывах, нягледзячы на масавыя памілаванні, якія закранулі 448 чалавек — меры, якія ў значнай ступені былі прадыктаваныя тактычнымі або дыпламатычнымі меркаваннямі, а не рэальным паляпшэннем сітуацыі з правамі чалавека. Рэпрэсіі не абмяжоўваліся пазбаўленнем волі: вызваленыя сутыкаліся з дэпартацыяй, сачэннем, прымусам і абмежаваннямі ў паўсядзённым жыцці.
Умовы ўтрымання пад вартай па-ранейшаму суправаджаліся жорсткім абыходжаннем, у тым ліку збіццём, удушэннем і адмовай у медыцынскай дапамозе, а доўгае ўтрыманне ў поўнай ізаляцыі і адвольнае падаўжэнне тэрмінаў зняволення толькі пагаршалі гэтыя парушэнні.
Платформа працягнула пашыраць сваю базу доказаў і аналітыку. За справаздачны перыяд было праведзена 79 дадатковых інтэрв’ю са сведкамі, у выніку чаго база дадзеных Платформы налічвае больш за 38 000 дакументаў і звыш 3 300 расшыфровак інтэрв’ю. Архіў матэрыялаў з адкрытых крыніц вырас да 2,19 млн адзінак і ўключае шырокія аўдыёвізуальныя і тэкставыя матэрыялы. Платформа яшчэ больш умацавала свой аналіз датычнасці для доказу адказнасці высокапастаўленых службовых асоб і садзейнічання пабудове крымінальных спраў.
Супрацоўніцтва з механізмамі прыцягнення да адказнасці спрыяла рашэнню Канцылярыі пракурора Міжнароднага крымінальнага суда пачаць расследаванне злачынстваў супраць чалавечнасці, звязаных з сітуацыяй у Літве і Беларусі. У справаздачны перыяд Платформа перадала сабраныя доказы МКС і нацыянальным органам дзвюх дзяржаў, а таксама перадала больш за 3 000 файлаў Групе незалежных экспертаў ААН. У цэлым да сакавіка 2026 года Платформа адказала на 14 запытаў ад нацыянальных судовых органаў і шэрагу міжнародных механізмаў.
Платформа таксама ўмацавала свой падыход, арыентаваны на пацярпелых. За справаздачны перыяд яшчэ 133 пацярпелых атрымалі псіхалагічную і псіхасацыяльную падтрымку, у выніку чаго агульная колькасць атрымальнікаў дапамогі дасягнула 850 чалавек. Асаблівая ўвага надавалася былым палітычным зняволеным, якія маюць сур’ёзныя псіхалагічныя траўмы, у тым ліку посттраўматычны стрэсавы разлад (ПТСР) і дэпрэсію, і сутыкаюцца з сур’ёзнымі праблемамі рэінтэграцыі, асабліва ва ўмовах вымушанага перамяшчэння.
Акрамя дзейнасці па дакументаванні і аказанні падтрымкі, Платформа працягнула свае намаганні ў галіне адвакацыі, умацавання патэнцыялу і каардынацыі, у тым ліку праз прасоўванне шляхоў прыцягнення да адказнасці праз свой даклад “Шляхі да забеспячэння адказнасці для Беларусі”, узаемадзеянне з міжнароднымі сеткамі і падтрымку ініцыятыў па універсальнай юрысдыкцыі.
Платформа застаецца ключавым цэнтрам дакументавання парушэнняў, аказання падтрымкі пацярпелым і прасоўвання правасуддзя і адказнасці за злачынствы, здзейсненыя ў Беларусі, і будзе працягваць сваю дзейнасць пасля завяршэння бягучага праектнага цыкла (1 кастрычніка 2023 г. – 30 верасня 2026 г.).
У 2025 годзе арганізацыя DIGNITY замовіла незалежную знешнюю ацэнку дзейнасці Міжнароднай платформы па прыцягненні вінаватых да адказнасці для Беларусі (Платформа IAPB), якая ахоплівае перыяд з моманту яе стварэння ў сакавіку 2021 года да сёння.
Ацэнку правяла кампанія Blomeyer & Sanz, абраная праз канкурэнтную працэдуру тэндару. Ацэначнае даследаванне, якое мела пераважна якасны характар і грунтавалася на сістэме пытанняў, праводзілася ў перыяд з мая па верасень 2025 года. Ацэнка была структураваная ў адпаведнасці з крытэрыямі Камітэта па садзейнічанні развіццю Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (OECD-DAC), а менавіта: актуальнасць, узгодненасць, эфектыўнасць, уплыў і ўстойлівасць. У межах ацэначнага працэсу было апытана 59 стэйкхолдэраў.
DIGNITY публікуе рэзюмэ асноўных вынікаў, высноў і рэкамендацый, сфармуляваных па выніках ацэнкі.
Дзявятая справаздача аб прагрэссе Платформы IAPB прадстаўляе агляд сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў перыяд з 1 красавіка па 30 верасня 2025 года і апісвае намаганні Платформы па прасоўванні правасуддзя і забеспячэння адказнасці.
У справаздачны перыяд рэпрэсіі ў Беларусі заставаліся надзвычай жорсткімі і адзначаліся палітычна матываваным пераследам, адвольнымі затрыманнямі, катаваннямі і жорсткім абыходжаннем, а таксама транснацыянальным пераследам беларусаў за мяжой. З 2020 года было зафіксавана больш за 7500 палітычна матываваных прысудаў; больш за 1100 чалавек застаюцца зняволенымі па палітычных прычынах. Эксперты ААН прыйшлі да высновы, што прэзідэнт Лукашэнка і іншыя высокапастаўленыя службовыя асобы нясуць адказнасць за злачынствы супраць чалавечнасці, у тым ліку за пераслед і пазбаўленне волі, у рамках арганізаванага рэпрэсіўнага апарату.
Платформа IAPB працягвае збіраць, верыфікаваць і аналізаваць доказы гэтых парушэнняў. Па стане на верасень 2025 года было праведзена больш за 3200 інтэрв’ю з пацярпелымі і сведкамі, а таксама надзейна захавана і прамаркіравана больш за два мільёны матэрыялаў з адкрытых крыніц для падтрымкі расследаванняў нацыянальных і міжнародных механізмаў забеспячэння адказнасці.
На сённяшні дзень мы перадалі доказы і аналітычныя матэрыялы пракуратурам шасці дзяржаў у адказ на адзінаццаць запытаў, а таксама ў Канцылярыю Пракурора Міжнароднага крымінальнага суда (МКС) паводле артыкула 15 Рымскага статута, у межах папярэдняга вывучэння сітуацыі ў Літве/Беларусі. Акрамя таго, 717 пацярпелых ужо атрымалі псіхалагічную і псіхасацыяльную падтрымку у рамках Платформы IAPB, у тым ліку праз сістэму накіраванняў і комплексны клінічны маніторынг і ацэнку.
Сярод іншых ключавых дасягненняў — публікацыя дакладу “Шляхі да забеспячэння адказнасці ў Беларусі” і Практычнага кіраўніцтва “Падыход, арыентаваны на пацярпелых, пры дакументаванні ў мэтах прыцягнення да крымінальнай адказнасці”.
Нягледзячы на пастаянныя рызыкі і фінансавыя выклікі, Платформа IAPB застаецца краевугольным каменем міжнародных намаганняў па дакументаванні парушэнняў, умацаванні пацярпелых і дасягненні справядлівасці для народа Беларусі.
Міжнародная платформа па прыцягненні вінаватых да адказнасці для Беларусі (Платформа IAPB) апублікавала свой восьмы даклад аб ходзе працы, які ахоплівае перыяд з кастрычніка 2024 года па сакавік 2025 года. У гэты перыяд парушэнні правоў чалавека ў Беларусі па-ранейшаму заставаліся на трывожна высокім узроўні, з сістэмнымі рэпрэсіямі супраць асобаў за іх рэальную або меркаваную палітычнаую нязгоду з беларускім рэжымам. Праведзеныя 26 студзеня 2025 года прэзідэнцкія выбары забяспечылі Аляксандру Лукашэнку сёмы тэрмін на фоне масавых абвінавачанняў у фальсіфікацыі, што яшчэ больш узмацніла аўтарытарны кантроль у Беларусі.
У справаздачным перыядзе Платформа сабрала 76 новых сведчанняў пацярпелых і сведак, у выніку чаго агульная колькасць такіх сведчанняў дасягнула 2 775, і пашырыла сваю базу дадзеных, якая цяпер утрымлівае больш за 30 000 дакументаў, звязаных са сведкамі, і 1,5 мільёна матэрыялаў з адкрытых крыніц. Платформа працягвала садзейнічаць працэсам прыцягнення да адказнасці, у тым ліку праз прадстаўленне матэрыялаў Міжнароднаму крымінальнаму суду ў рамках звароту Літвы і Групе незалежных экспертаў ААН па правах чалавека ў Беларусі. Доказныя матэрыялы таксама былі перададзены пракурорам у дзвюх юрысдыкцыях і адвакатам, якія прадстаўляюць беларускіх пацярпелых ад парушэнняў правоў чалавека ў дзвюх краінах.
Застаючыся прыхільнай падыходу, арыентаванаму на пацярпелых, Платформа працягвала прадастаўляць псіхалагічную і псіхасацыяльную падтрымку ўсім сведкам гвалту з боку дзяржавы; у справаздачны перыяд такую падтрымку атрымалі 88 пацярпелых.
Download the full report in English
Download the full report in Belarusian
Download the full report in Russian
Міжнародная платформа па прыцягненню да адказнасці для Беларусі (IAPB) апублікавала сваю сёмую справаздачу аб праведзенай працы за перыяд з красавіка па верасень 2024 года. На працягу справаздачнага перыяду Платформа працягвала збіраць інфармацыю, доказы і аналітычныя матэрыялы, у выніку чаго агульная колькасць інтэрв’ю дасягнула 2 637, а калекцыя дакументаў з закрытых крыніц – 29 492. Платформа атрымала яшчэ тры запыты ад дзяржаўных органаў аб дапамозе ў правядзенні патэнцыйных расследаванняў меркаваных міжнародных злачынстваў, здзейсненых у Беларусі, у выніку чаго колькасць запытаў вырасла да васьмі ад пяці дзяржаў. Таксама было задаволена чатыры запыты ад УВКПЧ ААН, і адзін – ад дакладчыка Маскоўскага механізма АБСЕ. У рамках папярэдняга расслелвання сітуацыі ў Беларусі Платформа прадставіць доказы Пракуратуры Міжнароднага крымінальнага суда.
Download the full report in English
Download the full report in Belarusian
Download the full report in Russian
У шостай справаздачы аб ходзе работы Платформы, якая ахоплівае перыяд з 1 кастрычніка 2023 г.па 31 сакавіка 2024 г., адлюстраваныя значныя дасягненні Платформы ў рабоце па супрацьдзеянні няспыннай беспакаранасці ў Беларусі. За справаздачны перыяд Платформа перадала шырокі факталагічны і юрыдычны аналіз доказаў і іншую адпаведную інфармацыю органам крымінальнага правасуддзя ў трох дзяржавах, якія звярнуліся з запытамі аб такой інфармацыі, г.зн. ужо чатыром дзяржавам з красавіка 2021 г. Акрамя таго, Платформа падтрымала дзейнасць дзвюх няўрадавых арганізацый, якія супрацоўнічаюць з органамі крымінальнага правасуддзя ў дзвюх іншых дзяржавах, і імкнецца садзейнічаць бягучым крымінальным расследаванням або спрыяць іх адкрыццю адпаведнымі органамі. Такім чынам, Платформа зрабіла ўнёсак у бягучыя крымінальныя расследаванні або праверкі ў чатырох краінах. Акрамя таго, Платформа перадала доказы і інфармацыю Экспертызе УВКПЧ па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі (OEB), тым самым зрабіўшы свой унёсак у фарміраванне высноў, апублікаваных у яе апошнім дакладзе.
Download the full report in English
Download the full report in Belarusian
Download the full report in Russian
Contact Us
information