Press statements

03.03.2023

IAPB САЛІДАРНАЯ СА ЗНЯВОЛЕНЫМІ ПРАВААБАРОНЦАМІ ВЯСНЫ

Сёння суд Ленінскага раёна г. Мінска вынес доўгія тэрміны пазбаўлення волі чатыром праваабаронцам ПЦ “Вясна” – арганізацыі-сукіраўніку Платформы. Алесь Бяляцкі, старшыня арганізацыі і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, і Валянцін Стэфановіч, яго намеснік, атрымалі 10 і 9 гадоў адпаведна. Па той жа справе Уладзімір Лабковіч, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, а таксама Зміцер Салаўёў, якога судзілі завочна, былі асуджаныя на 7 і 8 гадоў адпаведна.

Каментуючы прысуд, Павел Сапелка, прадстаўнік і юрыст “Вясны”, сказаў:

“Гэта сур’ёзны ўдар па нашай арганізацыі, і мы не можам цяпер выправіць абуральна несправядлівы судовы прысуд – інструмент рэпрэсій беларускіх уладаў. Але мы не перастанем збіраць доказы злачынстваў таталітарнага рэжыму, несучы праўду пра становішча з правамі чалавека ў Беларусі і падтрымліваючы ахвяр парушэнняў правоў і свабод. Пагарда да базавых каштоўнасцяў правоў чалавека не можа стаць асновай для аднаўлення грамадзянскай згоды ў нашай краіне”.

Як адна з арганізацый-кіраўнікоў Міжнароднай платформы па прыцягненні да адказнасці для Беларусі, з 2020 года Праваабарончы цэнтр “Вясна” адыграў вырашальную ролю ў дакументаванні грубых парушэнняў правоў чалавека, меркавана ўчыненых беларускімі ўладамі і іншымі асобамі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх, каб садзейнічаць намаганням па прыцягненню вінаватых да адказнасці.

Разам з іншай арганізацыяй-сукіраўніком IAPB, Міжнародным камітэтам па расследаванні катаванняў у Беларусі, з 2020 г. “Вясна” дапамагла сабраць інфармацыю і доказы ў больш чым 2200 пацярпелых і іншых сведак з Беларусі, што дазволіла Платформе кансалідаваць, захаваць і прааналізаваць гэтую інфармацыю разам з інфармацыяй з адкрытых крыніц. Платформа ўжо перадала некаторыя з гэтых доказаў Групе Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, якая вывучае сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі і органы пракуратуры ў Еўропе.

За ўнёсак у прасоўванне правоў чалавека ў Беларусі Алесь Бяляцкі атрымаў Нобелеўскую прэмію міру ў кастрычніку 2022 года, а “Вясна” – прэмію Альбі Фонду Клуні за Справядлівасць у катэгорыі “Справядлівасць для абаронцаў дэмакратыі” ў верасні 2022 года.

Кейт Віньесваран, кіраўнік IAPB, сказала:

“Платформа сур’ёзна занепакоеная прысудам, вынесеным вядомым чальцам партнёрскай арганізацыі Платформы за ажыццяўленне легітымнай праваабарончай дзейнасці, і заклікае беларускія ўлады неадкладна скасаваць прысуды і вызваліць усіх асоб, якія знаходзяцца цяпер у зняволенні паводле палітычна матываваных абвінавачванняў. Чальцы “Вясны” павінны мець магчымасць займацца сваёй важнай працай, не баючыся помсты”.

Сотні праваабаронцаў апынуліся за кратамі пасля жорсткага падаўлення антыўрадавых пратэстаў у 2020 годзе. Пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, што адбыліся ў жніўні 2020 г. Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч былі затрыманыя па абвінавачванні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, якое ў верасні 2022 года было заменена на абвінавачванне ў кантрабандзе сродкаў і фінансаванні групавых дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак, што прадугледжвае павелічэнне тэрміну пазбаўлення волі.  У зняволенні застаюцца яшчэ тры сябры “Вясны”: Марфа Рабкова, каардынатар валанцёрскай сеткі “Вясны”, валанцёр Андрэй Чапюк і Леанід Судаленка, кіраўнік Гомельскага аддзялення арганізацыі.

Кантакты для СМІ

  • (па-ангельску) Кейт Віньесваран, кіраўнік IAPB; kavi@dignity.dk
  • (па-беларуску / па-руску) Павел Сапелка, прадстаўнік і юрыст, Праваабарончы цэнтр “Вясна” (арганізацыя-сукіраўнік IAPB): sapelko@gmail.com
  • (па-беларуску / па-руску) Вікторыя Фёдарава, прадстаўнік Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі (арганізацыя-сукіраўнік IAPB) і кіраўнік “Прававой ініцыятывы”: gomellawyer@gmail.com
  • (па-дацку) Енс Модвиг, медыцынскі дырэктар, Dignity (арганізацыя-кіраўнік IAPB): JMO@dignity.dk

 

Пра Міжнародную платформу па прыцягненню вiнаватых да адказнасці для Беларусі

Міжнародная платформа па прыцягненні вінаватых да адказнасці для Беларусі (International Accountability Platform for Belarus) — гэта кааліцыя незалежных няўрадавых арганізацый, якія аб’ядналі свае намаганні для збору, апрацоўкі, верыфікацыі і захавання доказаў сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека, што з’яўляюцца злачынствамі супраць чалавечнасці, меркавана здзейсненых беларускімі ўладамі і іншымі суб’ектамі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх. У яе аснове ляжаць намаганні беларускіх праваабарончых арганізацый па зборы інфармацыі аб парушэннях правоў чалавека, учыненых у Беларусі. Больш падрабязную інфармацыю пра Платформу можна знайсці на сайце iapbelarus.org. У склад Платформы ўваходзяць DIGNITY — Дацкі інстытут супраць катаванняў, Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі і REDRESS.