Сёння суд Ленінскага раёна г. Мінска вынес доўгія тэрміны пазбаўлення волі чатыром праваабаронцам ПЦ “Вясна” – арганізацыі-сукіраўніку Платформы. Алесь Бяляцкі, старшыня арганізацыі і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, і Валянцін Стэфановіч, яго намеснік, атрымалі 10 і 9 гадоў адпаведна. Па той жа справе Уладзімір Лабковіч, каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, а таксама Зміцер Салаўёў, якога судзілі завочна, былі асуджаныя на 7 і 8 гадоў адпаведна.
Каментуючы прысуд, Павел Сапелка, прадстаўнік і юрыст “Вясны”, сказаў:
“Гэта сур’ёзны ўдар па нашай арганізацыі, і мы не можам цяпер выправіць абуральна несправядлівы судовы прысуд – інструмент рэпрэсій беларускіх уладаў. Але мы не перастанем збіраць доказы злачынстваў таталітарнага рэжыму, несучы праўду пра становішча з правамі чалавека ў Беларусі і падтрымліваючы ахвяр парушэнняў правоў і свабод. Пагарда да базавых каштоўнасцяў правоў чалавека не можа стаць асновай для аднаўлення грамадзянскай згоды ў нашай краіне”.
Як адна з арганізацый-кіраўнікоў Міжнароднай платформы па прыцягненні да адказнасці для Беларусі, з 2020 года Праваабарончы цэнтр “Вясна” адыграў вырашальную ролю ў дакументаванні грубых парушэнняў правоў чалавека, меркавана ўчыненых беларускімі ўладамі і іншымі асобамі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх, каб садзейнічаць намаганням па прыцягненню вінаватых да адказнасці.
Разам з іншай арганізацыяй-сукіраўніком IAPB, Міжнародным камітэтам па расследаванні катаванняў у Беларусі, з 2020 г. “Вясна” дапамагла сабраць інфармацыю і доказы ў больш чым 2200 пацярпелых і іншых сведак з Беларусі, што дазволіла Платформе кансалідаваць, захаваць і прааналізаваць гэтую інфармацыю разам з інфармацыяй з адкрытых крыніц. Платформа ўжо перадала некаторыя з гэтых доказаў Групе Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, якая вывучае сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі і органы пракуратуры ў Еўропе.
За ўнёсак у прасоўванне правоў чалавека ў Беларусі Алесь Бяляцкі атрымаў Нобелеўскую прэмію міру ў кастрычніку 2022 года, а “Вясна” – прэмію Альбі Фонду Клуні за Справядлівасць у катэгорыі “Справядлівасць для абаронцаў дэмакратыі” ў верасні 2022 года.
Кейт Віньесваран, кіраўнік IAPB, сказала:
“Платформа сур’ёзна занепакоеная прысудам, вынесеным вядомым чальцам партнёрскай арганізацыі Платформы за ажыццяўленне легітымнай праваабарончай дзейнасці, і заклікае беларускія ўлады неадкладна скасаваць прысуды і вызваліць усіх асоб, якія знаходзяцца цяпер у зняволенні паводле палітычна матываваных абвінавачванняў. Чальцы “Вясны” павінны мець магчымасць займацца сваёй важнай працай, не баючыся помсты”.
Сотні праваабаронцаў апынуліся за кратамі пасля жорсткага падаўлення антыўрадавых пратэстаў у 2020 годзе. Пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, што адбыліся ў жніўні 2020 г. Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч былі затрыманыя па абвінавачванні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, якое ў верасні 2022 года было заменена на абвінавачванне ў кантрабандзе сродкаў і фінансаванні групавых дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак, што прадугледжвае павелічэнне тэрміну пазбаўлення волі. У зняволенні застаюцца яшчэ тры сябры “Вясны”: Марфа Рабкова, каардынатар валанцёрскай сеткі “Вясны”, валанцёр Андрэй Чапюк і Леанід Судаленка, кіраўнік Гомельскага аддзялення арганізацыі.
Кантакты для СМІ
Пра Міжнародную платформу па прыцягненню вiнаватых да адказнасці для Беларусі
Міжнародная платформа па прыцягненні вінаватых да адказнасці для Беларусі (International Accountability Platform for Belarus) — гэта кааліцыя незалежных няўрадавых арганізацый, якія аб’ядналі свае намаганні для збору, апрацоўкі, верыфікацыі і захавання доказаў сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека, што з’яўляюцца злачынствамі супраць чалавечнасці, меркавана здзейсненых беларускімі ўладамі і іншымі суб’ектамі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх. У яе аснове ляжаць намаганні беларускіх праваабарончых арганізацый па зборы інфармацыі аб парушэннях правоў чалавека, учыненых у Беларусі. Больш падрабязную інфармацыю пра Платформу можна знайсці на сайце iapbelarus.org. У склад Платформы ўваходзяць DIGNITY — Дацкі інстытут супраць катаванняў, Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі і REDRESS.
Contact Us
information
Contact Us
information