Press statements

10.06.2022

Міжнародная платформа па прыцягненні вінаватых да адказнасці для Беларусі абмеркавала намаганні па забеспячэнні адказнасці са Святланай Ціханоўскай, лідарам дэмакратычнай апазіцыі Беларусі

Сёння на сустрэчы са Святланай Ціханоўскай, лідарам дэмакратычнай апазіцыі Беларусі, Міжнародная платформа па прыцягненні вінаватых да адказнасці для Беларусі (IAPB), распавяла пра сваю працу па падтрымцы намаганняў па прыцягненні да адказнасці за грубыя парушэнні правоў чалавека, здзейсненыя ў Беларусі.

IAPB — гэта кааліцыя незалежных няўрадавых арганізацый, якія аб’ядналі свае намаганні для збору, апрацоўкі, верыфікацыі і захавання доказаў сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека, якія з’яўляюцца злачынствамі супраць чалавечнасці, меркавана здзейсненых беларускімі ўладамі і іншымі суб’ектамі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і ў наступны перыяд. Сустрэча, першая з лідарам апазіцыі ў выгнанні, адбылася ў Капенгагене, і ў ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі Кіруючага камітэта IAPB — Праваабарончага цэнтра “Вясна”, Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі, Дацкага інстытута супраць катаванняў “DIGNITY ” – і члены Сакратарыята IAPB.

Платформа прадставіла Ціханоўскай агляд праведзенай на сённяшні дзень працы па зборы і захаванні інфармацыі і доказаў, а таксама па прадастаўленні доказаў у распараджэнне органаў па забеспячэнні адказнасці, і распавяла пра свае планы па забеспячэнні даступнасці такіх матэрыялаў для доўгатэрміновых намаганняў па прыцягненні вінаватых да адказнасці і забеспячэнні сродкаў прававой абароны і кампенсацыі шкоды пацярпелым.

З моманту свайго запуску IAPB сабрала больш за 20 000 дакументаў, у тым ліку заявы пацярпелых і сведак і звязаныя з імі дакументы, а таксама 500 000 матэрыялаў з адкрытых крыніц аб грубых парушэннях правоў чалавека, здзейсненых у Беларусі. Яна таксама аказала падтрымку Экспертызе УВКПЧ ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і органам крымінальнага правасуддзя ў некалькіх краінах, каб забяспечыць прыцягненне да адказнасці асоб, якія ўчынілі гэтыя злачынствы.

Апошняя справаздача аб ходзе працы Платформы, апублікаваная ў красавіку, падкрэслівае, што з верасня 2021 года сітуацыя ў Беларусі застаецца крытычнай, у тым ліку ў кантэксце нядаўніх пратэстаў супраць патэнцыйнай падтрымкі Беларуссю агрэсіі Расеі супраць Украіны.

Беларускія ўлады працягваюць пераследаваць асоб, якіх лічаць для сябе пагрозай, а таксама ліквідавалі большасць арганізацый грамадзянскай супольнасці. Па стане на 9 чэрвеня 2020 года, паводле дадзеных члена Кіраўнічага камітэта Платформы, ПЦ “Вясна”, у Беларусі налічвалася 1232 палітычных зняволеных, у тым ліку некалькі сябраў “Вясны”, а таксама са жніўня 2020 года было пададзена больш за 4000 скаргаў на катаванні і іншыя віды жорсткага абыходжання ў дзяржаўных установах.

Праца IAPB грунтуецца на пастаянных намаганнях беларускіх праваабарончых арганізацый па зборы інфармацыі аб парушэннях правоў чалавека, здзейсненых у Беларусі, і падтрымліваецца 20 дзяржавамі і Еўрапейскім саюзам.

Для атрымання дадатковай інфармацыі, калі ласка, наведайце iapbelarus.org, альбо звяжыцеся з намі:

(па-ангельску) Кейт Віньесваран, кіраўнік IAPB; kavi@dignity.dk

(па-беларуску / па-руску) Вікторыя Фёдарава, прадстаўнік Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі (арганізацыя-сукіраўнік IAPB) і кіраўнік “Прававой ініцыятывы”: gomellawyer@gmail.com

(па-беларуску / па-руску) Павел Сапелка, прадстаўнік і юрыст, Праваабарончы цэнтр “Вясна” (арганізацыя-сукіраўнік IAPB): sapelko@gmail.com

па-дацку Тэрэза Рытэр, юрыдычны дырэктар Dignity (арганізацыя-кіраўнік IAPB): TR@dignity.dk