28.05.2025

НЯГЛЕДЗЯЧЫ НА ЎСЕ ПЕРАШКОДЫ, ПЛАТФОРМА IAPB УЗМАЦНЯЕ БАРАЦЬБУ ЗА СПРАВЯДЛІВАСЦЬ У БЕЛАРУСІ

У перыяд з кастрычніка 2024 года па сакавік 2025 года парушэнні правоў чалавека ў Беларусі па-ранейшаму заставаліся на трывожным узроўні, з сістэматычнымі рэпрэсіямі за рэальнае ці меркаванае палітычнае іншадумства. Міжнародная платформа па прыцягненні вінаватых да адказнасці ў Беларусі (Платформа) і шматлікія праваабарончыя арганізацыі задакументавалі дзеянні, якія могуць быць кваліфікаваныя як злачынствы супраць чалавечнасці, паводле апошняй справаздачы аб ходзе работы Платформы.

Прэзідэнцкія выбары 26 студзеня 2025 года, у выніку якіх Аляксандр Лукашэнка быў абраны на сёмы тэрмін на фоне масавых абвінавачванняў у фальсіфікацыі выбараў, яшчэ больш умацавалі аўтарытарны кантроль і ўзмацнілі палітычныя рэпрэсіі.

“Нягледзячы на значныя палітычныя перашкоды, Платформа IAPB застаецца цвёрда адданай справе садзейнічання правасуддзю для пацярпелых і забеспячэння адказнасці за парушэнні правоў чалавека і міжнародныя злачынствы ў Беларусі”, – заявіла Андрэа Хубер, кіраўнік Платформы IAPB. “Аднак справядлівасць у Беларусі не пераможа без пастаяннага міжнароднага ціску і ўвагі”.

У справаздачны перыяд беларускія ўлады ўзмацнілі рэпрэсіі:

  • Праваабарончы цэнтр “Вясна” зафіксаваў 2 958 палітычна матываваных затрыманняў і судовых працэсаў.
  • У зняволенні заставаліся 1 205 палітычных вязняў, у тым ліку вядомыя праваабаронцы.
  • Сілавікі мэтанакіравана пераследвалі ўдзельнікаў мінулых пратэстаў, каб запалохаць людзей перад выбарамі.
  • У “экстрэмісцкі” спіс уключылі 511 чалавек, і прызналі “экстрэмісцкімі” яшчэ 19 арганізацый.
  • Паведамлялася аб двух выпадках смерці ў месцах зняволення і аб бесчалавечных умовах утрымання пад вартай.
  • Затрыманыя, у тым ліку жанчыны, падвяргаліся пагрозам сэксуальнага гвалту і разлучэння з дзецьмі.
  • Свабода прэсы і права на абарону былі сур’ёзна абмежаваныя: у зняволенні знаходзіўся 41 журналіст, а прынамсі пяцёра адвакатаў былі пазбаўленыя права займацца адвакацкай дзейнасцю.

 

Рэпрэсіі рэжыму выйшлі за межы Беларусі. Зафіксавана 24 завочных судовых працэсы, а
прынятыя ў лютым 2025 г. папраўкі да Крымінальнага кодэксу пашырылі сферу іх прымянення,
што выклікала сур’ёзную заклапочанасць у галіне правоў чалавека. Таксама ўзмацнілася
сачэнне за беларускімі эмігрантамі, якія ўдзельнічаюць у апазіцыйнай дзейнасці.

“У адказ на гэта Платформа працягнула сваю надзвычай важную працу па зборы доказаў і забеспячэнні прыцягнення вінаватых да адказнасці”, адзначыў Павел Сапелка, прадстаўнік арганізацыі “Вясна”, сузаснавальніка Платформы. “За апошнія шэсць месяцаў было сабрана 76 новых сведчанняў, якія папоўнілі закрытую базу дадзеных, што змяшчае ўжо 2775 сведчанняў”.

На сённяшні дзень Платформа сабрала больш за 30 000 дакументаў, якія тычацца сведак, і 1,5 мільёна матэрыялаў з адкрытых крыніц, якія могуць быць выкарыстаны ў судовых расследаваннях. Працягваецца аналіз доказаў датычнасці з мэтай выяўлення ланцужкоў камандавання, якія злучаюць высокапастаўленых службовых асоб са злачынствамі, здзейсненымі іх падначаленымі.

Сярод задакументаваных парушэнняў — фізічнае і псіхалагічнае жорсткае абыходжанне, сексуальны і гендарны гвалт, магчымыя незаконныя забойствы, бесчалавечныя ўмовы ўтрымання пад вартай, а таксама парушэнні права на належнае судовае разбіральніцтва і іншых асноўных правоў.

Платформа па-ранейшаму адданая справе падтрымкі пацярпелых“,- заявіла Вікторыя Фёдарава, прадстаўніца Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі, сузаснавальніка Платформы. “На працягу справаздачнага перыяду яшчэ 88 пацярпелых атрымалі псіхалагічную і псіхасацыяльную падтрымку, што яшчэ раз пацвердзіла нашу прыхільнасць падыходу, арыентаванаму на пацярпелых“.

У рамках сваёй працы па падтрымцы нацыянальных і міжнародных намаганняў па забеспячэнні адказнасці Платформа ў студзені 2025 года, услед за зваротам Літвы ў Міжнародны крымінальны суд з нагоды сітуацыі ў Беларусі, прадставіла ў МКС даклад аб магчымых злачынствах супраць чалавечнасці ў Беларусі. Яна таксама аказала дапамогу пракурорам у дзвюх юрысдыкцыях, у выніку чаго агульная колькасць пададзеных ёю прадстаўленняў дасягнула дзевяці ў пяці краінах, і паглыбіла супрацоўніцтва з Групай незалежных экспертаў ААН па правах чалавека ў Беларусі (ГНЭБ), якой было перададзена больш за 1500 файлаў.

Аб Платформе:

Міжнародная платформа па прыцягненні вінаватых да адказнасці для Беларусі (IAPB), створаная ў сакавіку 2021 года, — гэта кансорцыум беларускіх і міжнародных НДА, які збірае, кансалідуе, верыфікуе і захоўвае доказы грубых парушэнняў правоў чалавека, меркавана здзейсненых беларускімі ўладамі і іншымі асобамі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх.

Для атрымання дадатковай інфармацыі, калі ласка, звяртайцеся да Андрэа Хубер, кіраўніка Платформы IAPB,  anhu@dignity.dk.

Спампаваць справаздачу аб ходзе работы