Press statements

30.01.2023

МІЖНАРОДНАЯ ПЛАТФОРМА ДЛЯ БЕЛАРУСІ САДЗЕЙНІЧАЕ ЎСЁ БОЛЬШАЙ КОЛЬКАСЦІ ОРГАНАЎ КРЫМІНАЛЬНАГА ПРАВАСУДДЗЯ І ААН

(30 студзеня 2023 г.) Міжнародная платформа па прыцягненні вінаватых да адказнасці для Беларусі (IAPB) дасягнула значнага прагрэсу ў забеспячэнні запытаў аб садзеянні ад чатырох дзяржаў і Ўпраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека (УВКПЧ). Платформа працягвае аналізаваць і захоўваць тысячы файлаў, якія ўтрымліваюць інфармацыю і доказы меркаваных злачынстваў па міжнародным праве, здзейсненых у Беларусі з 2020 года.

“Расследаванне міжнародных злачынстваў можа быць надзвычай складаным і патрабуе доступу да значнага аб’ёму доказнай базы. Рост колькасці запытаў аб аказанні садзеяння дэманструе, як праваабарончыя арганізацыі, такія як наша, могуць спрыяць вырашэнню гэтых задач”, — заявіла Кейт Віньесваран, кіраўнік Платформы. — “У той жа час вельмі важна, каб любая дапамога аказвалася не толькі ў адпаведнасці са стандартамі крымінальнага правасуддзя, але і ў рамках падыходаў, арыентаваных на пацярпелых, якія дазваляюць звесці паўторную траўматызацыю сведак да мінімуму і ў той жа час не дапусціць парушэння захаванасці доказаў”.

Як вынікае з нядаўна апублікаванай паўгадавой справаздачы аб ходзе работы Платформы, у перыяд з 1 красавіка 2021 года па 30 верасня 2022 года Платформа дала Групе УВКПЧ па вывучэнні сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі (OEB) доступ да сваёй калекцыі матэрыялаў пры наяўнасці інфармаванай згоды сведак. З верасня Платформа дапамагла Групе атрымаць доступ да больш за 140 пацярпелых і сведак, а таксама да больш за 1400 дакументаў і матэрыялаў з адкрытых крыніц, па парушэннях, што прадстаўлялі для Групы цікавасць. Платформа і Група УВКПЧ па Беларусі працягваюць цесна супрацоўнічаць, абменьвацца ведамі і вызначаць напрамкі далейшай падтрымкі.

На працягу справаздачнага перыяду Платформа таксама атрымала запыт аб садзеянні ад органаў крымінальнага правасуддзя яшчэ адной краіны, у выніку чаго агульная колькасць дзяржаў, якія звярнуліся па дапамогу, дасягнула чатырох.

На працягу таго ж перыяду беларускія сукіраўнікі Платформы, Праваабарончы цэнтр “Вясна” і Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі, сабралі сведчанні, медыцынскія заключэнні, судовыя пратаколы і іншыя матэрыялы ў 857 пацярпелых і іншых сведак, у выніку чаго агульная колькасць дакументаў, сабраных Платформай, дасягнула каля 20 000 дакументаў ад 2 052 пацярпелых і сведак. Больш за тое, Платформа сабрала больш за 600 000 файлаў з адкрытых крыніц, у тым ліку 82 000 відэа, больш за 238 000 малюнкаў і 159 000 тэкставых матэрыялаў з больш чым 200 крыніц.

Цяпер гэтыя матэрыялы аналізуюцца з мэтай выяўлення пацярпелых і сведак, якія могуць дапамагчы з інфармацыяй і доказамі органам крымінальнага правасуддзя і Групе УВКПЧ па Беларусі, а таксама для падрыхтоўкі аналітычных справаздач і іншых інструментаў, што інфармуюць гэтыя органы аб злачынствах па міжнародным праве, меркавана здзейсненых у Беларусі.

Масавыя арышты і катаванні

У справаздачы аб ходзе работы таксама адзначаецца, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі працягвае пагаршацца з часу прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Па-ранейшаму шырока адбываюцца масавыя арышты, затрыманні і заводзяцца палітычна-матываваныя крымінальныя справы, а вызваленыя з-пад варты працягваюць заяўляць аб катаваннях і іншых формах жорсткага абыходжання.

“У 2022 годзе крызіс у галіне правоў чалавека толькі паглыбіўся. Мы назіраем нармалізацыю катаванняў і жорсткага абыходжання, масавы пераслед усіх, хто падазраецца ў іншадумстве, і масавае падаўленне ўсіх арганізацый грамадзянскай супольнасці. 1 437 чалавек прызнаныя беларускімі праваабарончымі арганізацыямі палітычнымі вязнямі”, – заявіла Вікторыя Фёдарава, прадстаўнік Міжнароднага камітэта, адной з арганізацый-сукіраўнікоў Платформы. — “Рашэнне Беларусі дэнансаваць Факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах пакідае грамадзян Беларусі без аніякіх міжнародных сродкаў прававой абароны па індывідуальных скаргах на парушэнні правоў чалавека”.

Сярод зняволеных — шэсць сябраў “Вясны”, у тым ліку лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года, старшыня “Вясны” Алесь Бяляцкі і сябра Рады Валянцін Стэфановіч, якім у верасні былі выстаўленыя новыя абвінавачанні, што цягне павелічэнне тэрміну пазбаўлення волі да перыяду ад 7 да 12 гадоў. У чэрвені 2022 года сябра “Вясны” і кіраўнік Цэнтра стратэгічных цяжбаў Леанід Судаленка быў асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі, а валанцёрка “Вясны” Таццяна Ласіца — да двух гадоў і шасці месяцаў зняволення.

Асобы, якія выязджаюць з краіны, рызыкуюць страціць пакінутую маёмасць і пазбавіцца грамадзянства, а таксама сутыкнуцца з дыскрымінацыяй у іншых краінах, праз ролю Беларусі ў канфлікце ва Ўкраіне.

Нашымі наступнымі крокамі павінны стаць намаганні па пабудове прымальных для правасуддзя спраў у дачыненні да канкрэтных вінаватых, а таксама выхад на максімальны ўзровень уліку інтарэсаў пацярпелых і сведак”, сказаў Павел Сапелка, прадстаўнік ПЦ “Вясна”, арганізацыі-сукіраўніка Платформы, — Абарона іх правоў будзе нашым найважнейшым прыярытэтам”.

За працу па абароне правоў чалавека ў Беларусі “Вясна” атрымала прэмію “Альбі” фонду Клуні за справядлівасць у катэгорыі “Справядлівасць для абаронцаў дэмакратыі” у верасні 2022 года, а яе заснавальнік Алесь Бяляцкі — Нобелеўскую прэмію міру у кастрычніку 2022 года. У студзені 2023 года Міжнародны камітэт быў узнагароджаны прэміяй беларускай праваабарончай супольнасці “Праваабарончая кампанія / ініцыятыва 2022 года” , заснаванай у 2008 годзе па ініцыятыве Праваабарончага альянсу.

Кантакты:

(па-ангельску) Kate Vigneswaran, Кіраўнік Платформы; kavi@dignity.dk

(па-беларуску і па-руску) Вікторыя Фёдарава, Прадстаўнік Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі (арганізацыя сукіраўнік Платформы) і старшыня арганізацыі “Прававая ініцыятыва”: gomellawyer@gmail.com

(па-беларуску і па-руску) Павел Сапелка, юрыст, прадстаўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна”(арганізацыя-сукіраўнік Платформы): p.sapelko@gmail.com

(Па-дацку) Jens Modvig, доктар медыцыны, арганізацыя Dignity (арганізацыя-кіраўнік Платформы): JMO@dignity.dk

Пра Міжнародную платформу па прыцягненню вiнаватых да адказнасці для Беларусі

Міжнародная платформа па прыцягненні вінаватых да адказнасці для Беларусі (International Accountability Platform for Belarus) — гэта кааліцыя незалежных няўрадавых арганізацый, якія аб’ядналі свае намаганні для збору, апрацоўкі, верыфікацыі і захавання доказаў сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека, што з’яўляюцца злачынствамі супраць чалавечнасці, меркавана здзейсненых беларускімі ўладамі і іншымі суб’ектамі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх. У яе аснове ляжаць намаганні беларускіх праваабарончых арганізацый па зборы інфармацыі аб парушэннях правоў чалавека, учыненых у Беларусі. Больш падрабязную інфармацыю пра Платформу можна знайсці на сайце iapbelarus.org. У склад Платформы ўваходзяць DIGNITY — Дацкі інстытут супраць катаванняў, Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі і REDRESS.