Мандат міжнароднай платформы па прыцягненні вінаватых да адказнасці для Беларусі (IAPB) будзе падоўжаны яшчэ на 15 месяцаў пры цвёрдай падтрымцы 14 дзяржаў і Еўрапейскага саюза, паколькі сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца крытычнай, абвясціла сёння Платформа.
У адпаведнасці са сваім мандатам, Платформа працягне збор, захаванне і аналіз інфармацыі і доказаў злачынстваў па міжнародным праве, здзейсненых беларускімі ўладамі да, падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Яе мэта — зрабіць свой унёсак у дзеянні па прыцягненні вінаватых да адказнасці, якія забяспечаць справядлівасць для пацярпелых і іх супольнасцяў.
Платформа — гэта кансорцыум НДА, у які ўваходзяць 18 беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацый на чале з DIGNITY (Дацкі інстытут супраць катаванняў), Праваабарончым цэнтрам “Вясна”, Міжнародным камітэтам па расследаванні катаванняў у Беларусі і REDRESS.
“Працяг працы Платформы мае вырашальнае значэнне. У адрозненне ад Украіны, у нас няма падтрымкі нашай дзяржавы, калі ўлады краіны займаюцца дакументацыяй ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасці, узбуджаюць крымінальныя справы або ініцыююць расследаванне Міжнароднага крымінальнага суда”, — сказала Вікторыя Фёдарава, прадстаўнік арганізацыі-сузаснавальніка Платформы, Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі. — “Калі закон не працуе ўнутры краіны, дакументаванне парушэнняў правоў чалавека і міжнародных злачынстваў і захаванне доказаў з’яўляецца важным інструментам для прыцягнення вінаватых да адказнасці ў будучыні”.
У красавіку Платформа абвясціла, што з моманту яе запуску ў сакавіку 2021 года было сабрана больш за 20 000 дакументаў, у тым ліку заявы пацярпелых і сведак, і 500 000 матэрыялаў з адкрытых крыніц аб грубых парушэннях правоў чалавека, здзейсненых у Беларусі. На працягу апошняга года каманда Платформы, якая складаецца з юрыстаў, медыкаў і тэхнічных спецыялістаў, працавала над стварэннем неабходнай інфраструктуры для бяспечнага захоўвання, апрацоўкі і верыфікацыі велізарнай колькасці сабраных на сённяшні дзень дадзеных.
Падаўжэнне мандата дазволіць Платформе працягнуць працу па праверцы, кансалідацыі і аналізе гэтых дадзеных і падрыхтоўцы аналітычных прадуктаў для падтрымкі бягучых і будучых расследаванняў і судовага пераследу. Таксама гэта дасць Платформе магчымасць адказваць на запыты з боку органаў крымінальнага правасуддзя некаторых краін для ўзмацнення судовага пераследу ў адпаведнасці з прынцыпам універсальнай юрысдыкцыі, а таксама працягваць аказваць падтрымку групе Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека (УВКПЧ) па вывучэнні сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, мандат якой быў падоўжаны ў красавіку.
“Наша арганізацыя з задавальненнем і падзякай успрыняла магчымасць працягваць паўнавартасную працу па зборы, сістэматызацыі і захаванні доказаў грубых парушэнняў правоў чалавека, здзейсненых у Беларусі; гэта наш агульны доўг перад ахвярамі злачынстваў”, — сказаў Павел Сапелка, прадстаўнік і юрыст арганізацыі-сузаснавальніка Платформы, беларускага Праваабарончага цэнтра “Вясна”.
Платформа таксама плануе пашыраць супрацоўніцтва з мандатарыямі ААН і арганізацыямі грамадзянскай супольнасці для прасоўвання намаганняў па прыцягненні да адказнасці і забеспячэнні правасуддзя для ахвяр і пацярпелых у Беларусі, захоўваючы пры гэтым арыентацыю на пацярпелых.
Сярод дзяржаў, якія падтрымліваюць працяг мандата Платформы, на дадзены момант — Аўстрыя, Вялікабрытанія, Германія, Данія, ЗША, Ірландыя, Ісландыя, Нарвегія, Нідэрланды, Славакія, Фінляндыя, Чэхія, Швейцарыя і Швецыя, а таксама Еўрапейскі саюз.
“Платформа сфармавала інструменты, неабходныя для забеспячэння захаванасці інфармацыі і доказаў і іх даступнасці для следчых і пракурораў у параўнальна кароткія тэрміны, і пачала комплексную працу па аналізе сабранага матэрыялу з ужываннем стандартаў крымінальнага правасуддзя”, – сказала Кейт Віньесваран, кіраўнік Платформы. — “Працягваючы нашу працу яшчэ на 15 месяцаў, дзяржавы прызнаюць той значны ўнёсак, які цяпер мы можам зрабіць у падтрымку органаў па прыцягненні да адказнасці, каб прыцягнуць да адказу вінаватых у грубых парушэннях правоў чалавека, здзейсненых у Беларусі, і дамагчыся справядлівасці для пацярпелых”.
Больш інфармацыі на сайце iapbelarus.org або звяжыцеся з:
(Па-ангельску) Кейт Віньесваран, кіраўнік Платформы; kavi@dignity.dk
(Па-беларуску / па-руску) Вікторыя Фёдарава, прадстаўнік Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі (арганізацыя-сузаснавальнік Платформы) і кіраўнік”Прававой ініцыятывы”: gomellawyer@gmail.com
(Па-беларуску / па-руску) Павел Сапелка, прадстаўнік і юрыст Праваабарончага цэнтра ” Вясна “(арганізацыя-сузаснавальнік Платформы): p.sapelko@gmail.com
(Па-дацку) Тэрэза Рытэр, дырэктар па прававых пытаннях, Dignity (вядучая арганізацыя Платформы): TR@dignity.dk
Contact Us
information
Contact Us
information