Міжнародная платформа па прыцягненні вінаватых да адказнасці для Беларусі (IAPB) сардэчна віншуе беларускага праваабаронцу Алеся Бяляцкага, заснавальніка арганізацыі-сукіраўніка Платформы — Праваабарончага цэнтра «Вясна», з заслужанай узнагародай — Нобелеўскай прэміяй міру гэтага года.
Сёння Бяляцкі, які па-ранейшаму знаходзіцца ў турме ў Беларусі паводле сфабрыкаваных абвінавачванняў, атрымаў Нобелеўскую прэмію 2022 года разам з расейскай праваабарончай арганізацыяй «Мемарыял» і ўкраінскай праваабарончай арганізацыяй «Цэнтр грамадзянскіх свабод».
“Нарвежскі Нобелеўскі камітэт хацеў бы адзначыць трох выбітных змагароў за правы чалавека, дэмакратыю і мірнае суіснаванне краін-суседзяў — Беларусі, Расеі і Украіны», — сказала кіраўніца камітэта Берыт Рэйс-Андэрсэн, якая заклікала Беларусь вызваліць Бяляцкага з-за кратаў.
Нарвежскі Нобелеўскі камітэт адзначыў:
“Лаўрэаты прэміі міру прадстаўляюць грамадзянскую супольнасць у сваіх краінах. На працягу многіх гадоў яны змагаліся за права крытыкаваць уладу і абараняць асноўныя правы грамадзян. Яны прыклалі выбітныя намаганні для дакументавання ваенных злачынстваў, парушэнняў правоў чалавека і злоўжывання ўладай. Разам яны дэманструюць значэнне грамадзянскай супольнасці для міру і дэмакратыі».
“Навіна пра прэмію міру Алесю і нашым калегам з мемарыяла і ЦГС проста ашаламляльная! Гэта міжнароднае прызнанне заслуг Алеся і праваабарончых арганізацый, праява салідарнасці і сігнал падтрымкі праваабарончых каштоўнасцяў для ўсяго свету. Гэтая ўзнагарода Алесю за дзясяткі гадоў самаадданай барацьбы за правы чалавека, за дэмакратычныя каштоўнасці, за адраджэнне беларускай нацыі», — сказаў Павел Сапелка, прадстаўнік «Вясны» ў Кіруючым камітэце Платформы.
Як праваабаронца Бяляцкі амаль 30 гадоў вёў барацьбу за дэмакратыю і свабоду. Ён заснаваў Праваабарончы цэнтр “Вясна” ў 1996 годзе падчас масавых дэманстрацый дэмакратычнай апазіцыі ў Беларусі для аказання дапамогі затрыманым удзельнікам пратэстаў і іх сем’ям і з тых часоў з’яўляецца яго старшынёй. З таго часу «Вясна» стала вядучай праваабарончай арганізацыяй у Беларусі. Яна адной з першых асудзіла і стала дакументаваць парушэнні правоў чалавека, здзейсненыя вакол сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе. Бяляцкі быў зняволены з 2011 па 2014 гг.па абвінавачванні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, якое ён ніколі не прызнаваў, і цяпер ён зноў у турме з 2021 г. па тым жа абвінавачванні.
Кейт Віньесваран, кіраўнік Платформы, сказала:
“Алесь Бяляцкі прысвяціў сваё жыццё прасоўванню дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі, і за гэтую працу ён і іншыя сябры арганізацыі-сукіраўніка Платформы заплацілі высокую цану. Для нас вялікі гонар працягваць супрацоўніцтва з «Вясной» па дакументаванні злачынстваў па міжнародным праве ў Беларусі, каб гэтыя злачынствы не засталіся беспакаранымі. Мы таксама далучаемся да заклікаў да Беларусі неадкладна вызваліць Алеся Бяляцкага і ўсіх іншых сябраў “Вясны”, якія беззаконна знаходзяцца ў турме”.
29 верасня “Вясна” атрымала прэмію “Справядлівасць для абаронцаў дэмакратыі” ад Фонду Клуні за справядлівасць “за бясстрашнае і прафесійнае дакументаванне парушэнняў правоў чалавека і абарону свабоды ў Беларусі”. Прымала ўзнагароду Аліна Стэфановіч ад імя свайго мужа Валянціна, намесніка старшыні «Вясны», які цяпер таксама знаходзіцца ў зняволенні ў Беларусі.
Шэсць сябраў “Вясны” затрыманыя паводле сфабрыкаваных абвінавачванняў, абодва лідары арганізацыі знаходзяцца ў турме, а многія яе сябры былі вымушаныя з’ехаць з краіны. Апошнія прысуды сябрам “Вясны” былі вынесеныя 6 верасня 2022 г., калі два валанцёры арганізацыі атрымалі працяглыя тэрміны пазбаўлення волі на закрытым судовым працэсе.
Па дадатковую інфармацыю звяртайцеся:
(па-ангельску) Кейт Віньесваран, кіраўнік IAPB; kavi@dignity.dk
(па-беларуску / па-руску) Вікторыя Фёдарава, прадстаўнік Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі (арганізацыя-сукіраўнік IAPB) і кіраўнік “Прававой ініцыятывы”: gomellawyer@gmail.com
(па-беларуску / па-руску) Павел Сапелка, прадстаўнік і юрыст, Праваабарончы цэнтр “Вясна” (арганізацыя-сукіраўнік IAPB): sapelko@gmail.com
(Па-дацку) Тэрэза Рытэр, дырэктар па прававых пытаннях, Dignity (вядучая арганізацыя Платформы):
Contact Us
information
Contact Us
information