Press statements

17.05.2023

ПЛАТФОРМА ДЛЯ БЕЛАРУСІ ПАШЫРАЕ ПРАЦУ ПА ЗАБЕСПЯЧЭННІ АДКАЗНАСЦІ

IAPB нарошчвае намаганні па забеспячэнні адказнасці і правасуддзя для ахвяр і пацярпелых у Беларусі. Інфармацыя і доказы, прадастаўленыя Вярхоўнаму камісару ААН па правах чалавека (УВКПЧ), спрыялі нядаўнім высновам аб тым, што парушэнні правоў чалавека ў Беларусі могуць прадстаўляць сабой злачынствы супраць чалавечнасці, гаворыцца ў нядаўна апублікаваным дакладзе IAPB аб ходзе работы.

Высновы Вярхоўнага камісара ААН, прадстаўленыя Савету па правах чалавека ААН у сакавіку, былі зробленыя на аснове інтэрв’ю з 207 пацярпелымі і сведкамі і аналізу больш за 2 500 дакументаў. З іх доступ да больш чым 100 рэспандэнтаў і 1300 дакументаў быў прадастаўлены Платформай. Акрамя таго, Платформа прадставіла дакументы аб 180 выпадках сексуальнага і гендарнага гвалту, якія Вярхоўны камісар прызнаў дакладнымі, што спрыяла высновам пра тое, што ў Беларусі меў месца сексуальны і гендэрны гвалт.

У апошняй справаздачы Платформы аб праведзенай працы таксама гаворыцца, што сёння Платформа аказвае дапамогу органам крымінальнага правасуддзя чатырох дзяржаў, якія ажыццяўляюць або разглядаюць магчымасць ажыццяўлення ўніверсальнай або экстэрытарыяльнай юрысдыкцыі ў дачыненні да злачынстваў па міжнародным праве, меркавана здзейсненых у Беларусі, такім чынам спрыяючы адкрыццю ў будучыні жыццяздольных крымінальных спраў для прыцягнення вінаватых да адказнасці і пакрыцця шкоды пацярпелым.

У той жа час, Платформа працягвае пашыраць сваю калекцыю інфармацыі і сведчанняў аб меркаваных злачынствах па міжнародным праве, захоўваючы іх у спецыяльна створаных лічбавых архівах, што гарантуе іх даступнасць у доўгатэрміновай перспектыве. У справаздачны перыяд (кастрычнік 2022 г. – сакавік 2023 г.) Платформа сабрала інфармацыю і доказы ў больш чым 2300 пацярпелых і сведак, што знаходзяцца як у Беларусі, так і за яе межамі, а таксама захавала больш за 750 000 файлаў з адкрытых крыніц.

Як адзначыў Вярхоўны камісар ААН у сваіх высновах, у Беларусі няма абгрунтаваных перадумоў для правасуддзя і аднаўлення справядлівасці для пацярпелых, таму захаванне гэтых доказаў з’яўляецца вельмі важным. У краіне захоўваецца беспакаранасць за парушэнні правоў чалавека, а выхад Беларусі з Факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах ад 8 лістапада 2022 г. ужо ўступіў у сілу з 8 лютага 2023 г., што пазбаўляе беларускіх грамадзян магчымасці паведамляць аб парушэннях Пакта ў Камітэт ААН па правах чалавека.

Кейт Віньесваран, кіраўнік IAPB, заявіла:

“Беларускія ўлады дагэтуль не прыцягнулі да адказнасці ніводнага вінаватага ў Беларусі, бо не хочуць гэтага рабіць. Адзіныя шанцы па аднаўленні справядлівасці для пацярпелых — гэта гатоўнасць трэціх дзяржаў праводзіць расследаванні і ажыццяўляць правасуддзе, а таксама праз органы ААН па правах чалавека і, для больш абмежаванага кола злачынстваў, Міжнародны крымінальны суд. У параўнанні з тым часам, калі была створана Платформа, сітуацыя ў Беларусі ўскладнілася, павялічылася колькасць парушэнняў міжнароднага права правоў чалавека і міжнароднага крымінальнага права, якія заслугоўваюць расследавання. Рост колькасці запытаў аб садзеянні кажа, што Платформа ў значнай ступені можа задаволіць гэтыя патрэбы”.

Вікторыя Фёдарава, прадстаўнік Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі, адной з арганізацый-сукіраўнікоў Платформы, адзначыла:

“У інтэрв’ю, праведзеных з Упраўленнем Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, беларусы, пацярпелыя ад катаванняў, падкрэслілі важнасць дакументавання парушэнняў, збору і захавання доказаў, неабходных для працэсаў прыцягнення да адказнасці і для будучага прызнання іх статусу пацярпелых. Мы будзем працягваць збіраць доказы злачынстваў, прадугледжаных міжнародным правам, каб падтрымаць намаганні па прыцягненні да адказнасці з боку органаў крымінальнага правасуддзя і міжнародных механізмаў.”

Павел Сапелка, прадстаўнік і юрыст ПЦ “Вясна”, яшчэ адной арганізацыі-сукіраўніка Платформы, сказаў:

“Мы далі адказ на пытанне аб здольнасці праваабарончых арганізацый запоўніць прабелы ў існуючых механізмах збору, сістэматызацыі і захоўвання доказаў для будучага прыцягнення да адказнасці вінаватых у злачынствах супраць чалавечнасці. Мы будзем цвёрда стаяць на пярэднім краі барацьбы за захаванне праўды аб жорсткасці аўтарытарных уладаў, што прайгралі выбары, падтрымліваючы легальныя механізмы адказнасці ды развіваючы практыку барацьбы з беспакаранасцю незалежна ад межаў. Моцнымі павінны быць не толькі дыктатары, але і тыя дэмакратычныя сілы, якія адстойваюць і прасоўваюць прынцыпы правоў чалавека.”

Праз больш чым два гады пасля прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся ў жніўні 2020 г., сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі значна пагоршылася. Цяпер у турмах пакутуюць не менш за 1495 палітычных зняволеных, у тым ліку кіраўнікі “Вясны”, яе старшыня і лаўрэат Нобелеўскай прэміі Алесь Бяляцкі і намеснік старшыні Валянцін Стэфановіч, якія ў сакавіку былі асуджаныя за сваю праваабарончую дзейнасць да дзесяці і дзевяці гадоў пазбаўлення волі адпаведна. Агрэсія Расеі супраць Украіны, якую, відаць, падтрымлівае Беларусь, пагоршыла сітуацыю для грамадзян Беларусі як унутры краіны, так і за яе межамі.

У сваім нядаўнім дакладзе, апублікаваным у траўні, дакладчык Маскоўскага механізму АБСЕ па Беларусі адзначыў неабходнасць для міжнароднай супольнасці “падтрымліваць ініцыятывы, скіраваныя на асвятленне і дакументаванне парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, і, у прыватнасці, працу Міжнароднай платформы па прыцягненні вінаватых да адказнасці для Беларусі”. Платформа падзялілася з дакладчыкам сабранай інфармацыяй і доказамі, у тым ліку дакументамі з адкрытых і закрытых крыніц па асобных справах, якія дакладчык палічыў “вельмі надзейнымі”.

Кантакты:

  • (па-ангельску) Кейт Віньесваран, кіраўнік IAPB; kavi@dignity.dk
  • (па-беларуску / па-руску) Вікторыя Фёдарава, прадстаўнік Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі (арганізацыя-сукіраўнік IAPB) і кіраўнік “Прававой ініцыятывы”: gomellawyer@gmail.com
  • (па-беларуску / па-руску) Павел Сапелка, прадстаўнік і юрыст, Праваабарончы цэнтр “Вясна” (арганізацыя-сукіраўнік IAPB): sapelko@gmail.com
  • (па-дацку) Енс Модвіг, медыцынскі дырэктар, Dignity (арганізацыя-кіраўнік IAPB): JMO@dignity.dk

 

Пра Міжнародную платформу па прыцягненню вiнаватых да адказнасці для Беларусі

Міжнародная платформа па прыцягненні вінаватых да адказнасці для Беларусі (International Accountability Platform for Belarus, IAPB) – гэта інавацыйная платформа грамадзянскай супольнасці, якая займаецца зборам, апрацоўкай, верыфікацыяй і захаваннем доказаў сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека, якія з’яўляюцца злачынствамі па міжнародным праве, меркавана здзейсненых у Беларусі ў кантэксце прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і ў наступны перыяд, з мэтай падтрымкі органаў па прыцягненні да адказнасці і забеспячэння доступу беларусаў і іншых пацярпелых да сродкаў прававой абароны і кампенсацыі шкоды. З красавіка 2021 г. Платформа збірае інфармацыю і доказы катаванняў, згвалтаванняў і іншых актаў сэксуальнага і гендарнага гвалту, адвольных арыштаў і затрыманняў, пазасудовых забойстваў і іншых бесчалавечных дзеянняў, здзейсненых дзяржаўнымі суб’ектамі ў Беларусі, якія могуць уяўляць сабой злачынствы супраць чалавечнасці. Платформа збірае інфармацыю і сведчанні ў пацярпелых і сведак як у Беларусі, так і за яе межамі, падаючы ім доступ да інфармацыі і магчымасць звярнуцца па псіхасацыяльную дапамогу незалежна ад іх месцазнаходжання. Кіруюць Платформай DIGNITY — Дацкі інстытут супраць катаванняў, Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі і REDRESS.

Мандат Платформы падтрымліваецца Еўрапейскім Саюзам і дзяржавамі, у тым ліку Аўстрыяй, Вялікабрытаніяй, Германіяй, Даніяй, ЗША, Ірландыяй, Ісландыяй, Нарвегіяй, Нідэрландамі, Славакіяй, Фінляндыяй, Чэхіяй, Швейцарыяй, і Швецыяй. З улікам важнасці працы Платформы, яе мандат, пачатак якога прыпадае на 24 сакавіка 2021 г., быў падоўжаны ў 2022 г. да верасня 2023 г.

У знак прызнання ўнёску ў прасоўванне правоў чалавека ў Беларусі “Вясна” ў верасні 2022 г. атрымала прэмію Альбі Фонду Клуні за справядлівасць, а яе заснавальнік Алесь Бяляцкі — Нобелеўскую прэмію міру у кастрычніку 2022 г. У студзені 2023 г. Міжнародны камітэт быў ушанаваны ўзнагародай “Праваабарончая кампанія / ініцыятыва года 2022”.