Press statements

01.10.2024

Заява: Платформа IAPB вітае накіраванне Літвой справы аб злачынствах супраць чалавечнасці, здзейсненых беларускімі службовымі асобамі, у МКС

(1 кастрычніка 2024 года)

Міжнародная платформа па прыцягненні вінаватых да адказнасці для Беларусі (IAPB) вітае накіраванне ўрадам Літвы справы аб сітуацыі ў Беларусі ў Міжнародны крымінальны суд (МКС) 30 верасня 2024 г.

“Пададзеная заява ўяўляе сабой значны першы крок на шляху расследавання і судовага пераследу міжнародных злачынстваў, здзейсненых урадам Беларусі з траўня 2020 года”, – кажа Андрэа Хубер, кіраўнік Платформы.   “Але мы таксама павінны прызнаць, што гэтая заява, калі яна будзе прынятая, будзе тычыцца толькі некаторай часткі злачынстваў, здзейсненых у Беларусі“.

У сваім звароце ўрад Літвы просіць Міжнародны крымінальны суд вывучыць, ці валодае ён юрысдыкцыяй на расследванне і судовы пераслед злачынстваў супраць чалавечнасці, у тым ліку дэпартацыі, пераследа і іншых бесчалавечных актаў, здзейсненых высокапастаўленымі службовымі асобамі Беларусі з 1 траўня 2020 года.

Згодна з артыкулам 14 Рымскага статута, Літва як дзяржава-член МКС мае права накіраваць справу на разгляд, бо частка злачынстваў адбылася на яе тэрыторыі, што падпадае пад юрысдыкцыю МКС. Такі запыт абапіраецца на папярэдняе рашэнне МКС прызнаць юрысдыкцыю ў дачыненні да дзяржавы, якая не з’яўляецца членам МКС, у кантэксце дэпартацыі (сітуацыя ў М’янме/Бангладэшы).

Паводле заявы ўрада Літвы ад 30 верасня, “рэжым [Беларусі] гвалтоўна перамясціў сотні тысяч законных жыхароў Беларусі на тэрыторыю суседняй Літвы і іншых дзяржаў-удзельніц (…), без падстаў, прадугледжаных Міжнародным правам“.

“Платформа падтрымлівае намаганні органаў крымінальнага правасуддзя па барацьбе з міжнароднымі злачынствамі, здзейсненымі ў Беларусі. “Мы спадзяемся, што МКС прызнае юрысдыкцыю і пачне расследаванне, і будзем рады перадаць МКС усе наяўныя доказы”, – адзначае Вікторыя Фёдарава, прадстаўнік Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі, сузаснавальніка Платформы.

“Катаванні, гендарна-абумоўлены гвалт, незаконныя затрыманні і іншыя злачынствы не павінны заставацца беспакаранымі. Таму мы настойліва заклікаем нацыянальныя органы пракуратуры працягваць расследаванне міжнародных злачынстваў, хдзейсненых у Беларусі, і судовы пераслед за іх”, – кажа Андрэа Хубер.

Павел Сапелка з “Вясны”, яшчэ аднаго сузаснавальніка Платформы, таксама падкрэслівае неабходнасць далейшых крокаў.

“Для забеспячэння адказнасці за злачынствы супраць беларусаў “Вясной” і Міжнародным камітэтам было апытана больш за 2500 пацярпелых і сведак пра падзеі ў перыяд з 2020 па 2024 год», – гаворыць Павел Сапелка,

“Гэтыя сведчанні разам з інфармацыяй з адкрытых крыніцаў былі сабраныя ў адпаведнасці з нормамі крымінальнага права і могуць быць перададзены пракуратурам, якія жадаюць падтрымаць нас у барацьбе з беспакаранасцю беларускіх злачынцаў, вінаватых у грубых парушэннях правоў чалавека і міжнародных злачынствах”.

 

Пра IAPB:

Платформа па прыцягненні вінаватых да адказнасці для Беларусі, створаная ў сакавіку 2021 года, уяўляе сабой кансорцыум беларускіх і міжнародных НДА, які займаецца зборам, кансалідацыяй, праверкай і захаваннем доказаў грубых парушэнняў правоў чалавека, меркавана учыненых беларускімі ўладамі і іншымі асобамі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх.

Платформа садзейнічае расследаванням нацыянальных пракуратур і міжнародных органаў па забеспячэнні адказнасці, даючы доступ да сабраных доказаў, а таксама аналітычных матэрыялаў.

З моманту свайго стварэння Платформа атрымала восем запытаў аб дапамозе ад пяці дзяржаў, чатыры запыты на інфармацыю ад Экспертызы ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Упраўлення Вярхоўнага Камісара па правах чалавека (УВКПЧ), адзін запыт ад дакладчыка Маскоўскага механізму АБСЕ, а таксама некалькі запытаў ад арганізацый грамадзянскай супольнасці і юрыстаў, якія працуюць над расследаваннем злачынстваў, здзейсненых у Беларусі.