Press statements

17.03.2023

ВЯРХОЎНЫ КАМІСАР ААН ПА ПРАВАХ ЧАЛАВЕКА ЛІЧЫЦЬ, ШТО Ў БЕЛАРУСІ МАГЛІ БЫЦЬ ЗДЗЕЙСНЕНЫЯ ЗЛАЧЫНСТВЫ СУПРАЦЬ ЧАЛАВЕЧНАСЦІ

У сваім дакладзе Савету ААН па правах чалавека, апублікаваным сёння, Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека прыйшоў да высновы, што існуюць дастатковыя падставы меркаваць, што ў Беларусі здзяйсняліся і працягваюць здзяйсняцца сістэматычныя, шырокамаштабныя і грубыя парушэнні правоў чалавека, якія могуць быць злачынствамі супраць чалавечнасці.

Аднак даклад таксама робіць выснову адсутнасць падстаў чакаць справядлівасці ў дачыненні да парушэнняў правоў чалавека, здзейсненых у Беларусі, з улікам “актыўнай палітыкі па абароне вінаватых і недапушчэнні прыцягнення да адказнасці”, і рэкамендуе дзяржавам-сябрам “працаваць над прыцягненнем да адказнасці з дапамогай разгляду ў нацыянальных судах на аснове агульнапрынятых прынцыпаў экстэрытарыяльнай і ўніверсальнай юрысдыкцыі”.

Міжнародная платформа па прыцягненні вінаватых да адказнасці для Беларусі (IAPB) падтрымлівае гэтую рэкамендацыю і заклікае дзяржавы разгледзець магчымасць прымянення ўніверсальнай або экстэрытарыяльнай юрысдыкцыі для прыцягнення меркаваных злачынцаў да адказнасці і забеспячэння правасуддзя для пацярпелых, у адпаведнасці з абавязацельствамі дзяржаў па расследаванні і пераследзе міжнародных злачынстваў паводле міжнароднага права.

Даклад Упраўлення Вярхоўнага камісара па правах чалавека створаны на аснове інтэрв’ю з 207 сведкамі і відавочцамі, а таксама аналізу больш за 2500 дакументаў. Ён прызнае дзяржаўныя органы Беларусі адказнымі за шырокамаштабныя і сістэматычныя парушэнні правоў чалавека ў перыяд з 1 мая 2020 года па 31 снежня 2022 года, такія як незаконнае пазбаўленне жыцця, катаванні і жорсткае абыходжанне, у тым ліку сэксуальны гвалт, парушэнні правоў на свабоду выказвання меркаванняў, мірных сходаў і асацыяцый, адмову ў належнай прававой працэдуры і праве на ўезд у сваю краіну.

Як кажа Вярхоўны камісар па правах чалавека Фолькер Цюрк:

“Наш даклад апісвае непрымальную карціну беспакаранасці і практычна поўнага знішчэння грамадзянскай прасторы і асноўных свабод у Беларусі. Урад абавязаны перад сваім народам пакласці канец масавым рэпрэсіям і правесці бесстаронняе і празрыстае расследаванне, каб прыцягнуць вінаватых у сур’ёзных парушэннях да адказнасці”.

У адказ на даклад, Павел Сапелка (“Вясна”, арганізацыя-сукіраўнік Платформы), сказаў:

“Мужнасць ахвяр катаванняў і намаганні праваабаронцаў па прадухіленні беспакаранасці прывядуць да таго, што ўсе вядомыя выпадкі катаванняў і забароненага абыходжання, іншыя бесчалавечныя акты будуць пакараныя.  Мы вітаем намаганні міжнародных арганізацый і выказваем надзею на пашырэнне практыкі барацьбы з беспакаранасцю ў нацыянальных юрысдыкцыях. Мы не спынімся на сваім шляху да справядлівасці”.

Вікторыя Фёдарава з Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі, які таксама з’яўляецца сукіраўніком Платформы, заявіла:

“Мы вітаем даклад Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека і цалкам падтрымліваем яго высновы адносна магчымай кваліфікацыі парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі як злачынстваў супраць чалавечнасці. Гэта дазволіць нам прасунуцца ва ўжыванні прынцыпу ўніверсальнай юрысдыкцыі для пераследу вінаватых у іншых дзяржавах. Адзначу важны ўнёсак Міжнароднай платформы па прыцягненні вінаватых да адказнасці для Беларусі і беларускіх праваабарончых арганізацый у падрыхтоўку дакладу. Гэта вынік нашай працы па дакументаванні і захаванні доказаў парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі”.

Платформа аказала істотную падтрымку групе УВКПЧ па вывучэнні сітуацыі ў Беларусі (OEB), у тым ліку праз садзейнічанне ў правядзенні інтэрв’ю з больш чым 100 пацярпелымі і сведкамі і прадастаўленне доступу да больш чым 1300 дакументаў па цэлым шэрагу парушэнняў, якія, згодна з высновамі Групы, былі здзейсненыя дзяржаўнымі суб’ектамі.

Даклад таксама зафіксаваў больш за 100 выпадкаў сэксуальнага і гендарнага гвалту ў дачыненні да затрыманых, і прызнаў яшчэ 180 выпадкаў, задакументаваных і прааналізаваных арганізацыямі грамадзянскай супольнасці, заслугоўваючымі давер. Аднак Вярхоўны камісар падкрэсліў, што маштабы сексуальнага і гендарнага гвалту (СГГ), хутчэй за ўсё, заніжаныя з-за стыгмы, страху перад рэпрэсіямі і адмовы ў доступе ў краіну следчых ААН па правах чалавека.  У дакладзе таксама адзначаны асаблівыя парушэнні супраць прадстаўнікоў LGBTIQ+.

Платформа падтрымала высновы групы па СГГ, і цяпер рэалізуе гендарную стратэгію, імкнучыся да таго, каб любыя крымінальныя расследаванні і пераслед міжнародных злачынстваў, учыненых у Беларусі, праводзіліся ў гендарна кампетэнтным ключы і ўлічвалі ўвесь спектр шкоды, нанесенай мужчынам, жанчынам і асобам з рознай сэксуальнай арыентацыяй і гендарнай ідэнтычнасцю.

Кейт Віньесваран, кіраўнік Платформы, сказала:

“Цяпер дзяржавы павінны выканаць свае абавязацельствы па забеспячэнні адказнасці, надаўшы беларусам доступ да сродкаў прававой абароны.  Прагрэсіўная прававая база, якая дае органам крымінальнага правасуддзя магчымасць ажыццяўляць універсальную або экстэрытарыяльную юрысдыкцыю ў дачыненні да злачынстваў, здзейсненых у Беларусі, бессэнсоўная, калі ёй не карыстацца. У беларусаў вельмі мала інстанцый, дзе яны могуць шукаць правасуддзя, і тыя, якія ўсё ж маюцца, павінны быць даступныя”.

З заявай УВКПЧ і поўным дакладам можна азнаёміцца па спасылцыпа спасылцы.

Кантакты:

  • (па-ангельску) Кейт Віньесваран, кіраўнік IAPB; kavi@dignity.dk
  • (па-беларуску / па-руску) Вікторыя Фёдарава, прадстаўнік Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі (арганізацыя-сукіраўнік IAPB) і кіраўнік “Прававой ініцыятывы”: gomellawyer@gmail.com
  • (па-беларуску / па-руску) Павел Сапелка, прадстаўнік і юрыст, Праваабарончы цэнтр “Вясна” (арганізацыя-сукіраўнік IAPB): sapelko@gmail.com
  • (па-дацку) Енс Модвіг, медыцынскі дырэктар, Dignity (арганізацыя-кіраўнік IAPB): JMO@dignity.dk

 

Пра Міжнародную платформу па прыцягненню вiнаватых да адказнасці для Беларусі 

Міжнародная платформа па прыцягненні вінаватых да адказнасці для Беларусі (International Accountability Platform for Belarus) — гэта кааліцыя незалежных няўрадавых арганізацый, якія аб’ядналі свае намаганні для збору, апрацоўкі, верыфікацыі і захавання доказаў сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека, што з’яўляюцца злачынствамі супраць чалавечнасці, меркавана здзейсненых беларускімі ўладамі і іншымі суб’ектамі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх. У яе аснове ляжаць намаганні беларускіх праваабарончых арганізацый па зборы інфармацыі аб парушэннях правоў чалавека, учыненых у Беларусі.  Больш падрабязную інфармацыю пра Платформу можна знайсці на сайце iapbelarus.org.  У склад Платформы ўваходзяць DIGNITY — Дацкі інстытут супраць катаванняў, Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі і REDRESS.