2026

13.03.2026

РАССЛЕДАВАННЕ МКС СІТУАЦЫІ Ў ЛІТВЕ/ БЕЛАРУСІ: МІЖНАРОДНАЕ ПРЫЗНАННЕ ЦЯЖАРУ ЗЛАЧЫНСТВАЎ

Міжнародная платформа па прыцягненні вінаватых да адказнасці для Беларусі (IAPB) вітае ўчарашнюю заяву Канцылярыі пракурора Міжнароднага крымінальнага суда (МКС) аб адкрыцці расследавання па сітуацыі ў Літве/Беларусі.

Расследаванне ажыццяўляецца па звароце Літвы ад 30 верасня 2024 года, дзе ўтрымлівалася просьба да Пракурора МКС расследаваць меркаваныя злачынствы супраць чалавечнасці, у тым ліку дэпартацыю, пераслед і іншыя бесчалавечныя акты, здзейсненыя беларускімі ўладамі пачынаючы з 1 траўня 2020 года. Хоць Беларусь не з’яўляецца дзяржавай-удзельніцай МКС, Літва заявіла, што частка меркаваных злачынстваў была здзейсненая на яе тэрыторыі, у сувязі з чым яны падпадаюць пад юрысдыкцыю Суда.

Па выніках папярэдняга разбору Пакурор МКС прыйшоў да высновы аб дастатковых падставах меркаваць, што злачынствы, якія падпадаюць пад юрысдыкцыю Суда, былі здзейсненыя, прынамсі часткова, на тэрыторыі Літвы. Згодна з высновамі Канцылярыі, прымусовыя дзеянні беларускіх уладаў у дачыненні да рэальных або меркаваных апанентаў вымусілі грамадзянскіх асоб пакінуць Беларусь і перасекчы міжнародную мяжу з Літвой. Гэтыя меркаваныя злачынствы заахвочваліся або ўхваляліся на самым высокім узроўні беларускага ўрада.

Расследаванне будзе тычыцца меркаваных злачынстваў, здзейсненых пачынаючы з 1 траўня 2020 года, у тым ліку дэпартацыі і пераследу, у кантэксце шырокамаштабных і сістэматычных рэпрэсій з боку дзяржавы пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, якія могуць прадстаўляць сабой злачынствы супраць чалавечнасці.

“Пачатак расследавання МКС — гэта яркі прамень надзеі на справядлівасць для пацярпелых ад рэпрэсій у Беларусі”, — заявіла Андрэа Хубер, кіраўнік Платформы IAPB. “Гэта служыць ясным сігналам, што вінаватым у здзяйсненні цяжкіх міжнародных злачынстваў не удасца сысці ад адказнасці. Мы высока цэнім намаганні пацярпелых і беларускай грамадзянскай супольнасці, чыя стойкасць і мужнасць зрабілі магчымым дасягненне гэтага найважнейшага рубяжа”.

З моманту свайго стварэння ў 2021 годзе Платформа IAPB збірае доказы сур’ёзных парушэнняў міжнароднага права, здзейсненых беларускімі ўладамі, і перадала  адпаведныя паказанні сведак і інфармацыю з адкрытых крыніц Пракурору МКС у мэтах садзейнічання папярэдняму разбіральніцтву. Платформа гатовая і ў далейшым падтрымліваць нацыянальныя і міжнародныя намаганні па прыцягненні да адказнасці, у тым ліку працу МКС.

Хоць пачатак расследавання з’яўляецца істотным крокам, яно закранае толькі частку больш шырокай карціны задакументаваных злачынстваў, а МКС не зможа расследаваць злачынствы, якія выходзяць па-за рамкі пераследу і дэпартацый, здзейсненых, прынамсі часткова, на тэрыторыі Літвы прадстаўнікамі вышэйшых эшалонаў улады Беларусі.

У сувязі з гэтым Платформа IAPB яшчэ раз заяўляе пра важнасць узаемадапаўняльных мер па забеспячэнні адказнасці на нацыянальным і міжнародным узроўнях, накіраваных на тое, каб усе вінаватыя ў здзяйсненні цяжкіх міжнародных злачынстваў былі прыцягнутыя да адказнасці.   У нашым дакладзе “Шляхі да забеспячэння адказнасці ў Беларусі” прадстаўлена падрабязнае апісанне механізмаў забеспячэння адказнасці, здольных змагацца з сур’ёзнымі парушэннямі правоў чалавека і міжнароднага крымінальнага права ў Беларусі.

Апошні даклад Групы незалежных экспертаў ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, прадстаўлены Савету па правах чалавека 12 сакавіка, яшчэ раз падкрэслівае пастаянны маштаб рэпрэсій у краіне.

Мы глыбока ўдзячныя нашым донарам за нязменную падтрымку, без якіх праца Платформы IAPB была б немагчымая. З моманту свайго стварэння Платформа атрымлівала падтрымку шырокага кола дзяржаў, а менавіта (а алфавітным парадку) Аўстрыі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Даніі, ЗША, Ірландыі, Ісландыі, Канады, Латвіі, Літвы, Ліхтэнштэйна, Нарвегіі, Нідэрландаў, Польшчы, Румыніі, Славакіі, Фінляндыі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі, Эстоніі, а таксама Еўрапейскага Саюза.

Па дадатковую інфармацыю звяртайцеся, калі ласка, да Андрэа Хубер, кіраўніка Платформы, па адрасе anhu@dignity.dk.