Resources

23.09.2025

Даклад “Шляхі да забеспячэння адказнасці ў Беларусі”

Даклад прапануе падрабязную мапу механізмаў забеспячэння адказнасці, здольных рэагаваць на сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека і парушэнні міжнароднага крымінальнага права ў Беларусі. Дакумент адрознівае механізмы, якія тычацца адказнасці дзяржавы, механізмы, сканцэнтраваныя на індывідуальнай крымінальнай адказнасці, а таксама змешаныя падыходы, што выконваюць абедзве функцыі.

Даклад вызначае практычныя крокі для ўзаемадзеяння і тлумачыць магчымы ўплыў кожнага з механізмаў, што можа паслужыць у якасці кіраўніцтва для дзяржаў і іншых суб’ектаў, якія імкнуцца прасоўваць забеспячэнне адказнасці.

У дакуменце апісваюцца ужо зробленыя крокі, а таксама выяўляюцца прабелы ў існуючым ландшафце забеспячэння адказнасці і ацэньваюцца ролі, прадугледжаныя для пацярпелых і арганізацый грамадзянскай супольнасці ў межах кожнага механізму.

3 кастрычніка 2025 г. Платформа IAPB і яе партнёры правялі анлайн-прэзентацыю даклада “Шляхі да забеспячэння адказнасці ў Беларусі”. Запіс мерапрыемства.

17.06.2025

ПАДЫХОД, АРЫЕНТАВАНЫ НА ПАЦЯРПЕЛЫХ, ДА ДАКУМЕНТАВАННЯ Ў МЭТАХ ПРЫЦЯГНЕННЯ ДА КРЫМІНАЛЬНАЙ АДКАЗНАСЦІ

За апошнія гады павялічылася колькасць ініцыятыў грамадзянскай супольнасці, накіраваных на забеспячэнне прыцягнення да адказнасці, што пацягнула за сабой з’яўленне новых метадаў працы, арыентаваных на інтарэсы пацярпелых. Гэта практычнае кіраўніцтва прысвечана ключавым прынцыпам прымянення падыходу, арыентаванага на пацярпелых, пры дакументаванні катаванняў і іншых сур’ёзных міжнародных злачынстваў. У ім паказана, як гэтыя прынцыпы могуць быць рэалізаваныя на розных этапах працэсу дакументавання, што ажыццяўляецца арганізацыямі грамадзянскай супольнасці ў мэтах крымінальнага пераследу, а таксама прадстаўленыя назапашаны досвед і прыклады паспяховай практыкі.

17.03.2025

Кароткі брыфінг аб IAPB

Міжнародная платформа па прыцягненні вінаватых да адказнасці для Беларусі (IAPB) была створана ў сакавіку 2021 года для збору, захавання і аналізу доказаў грубых парушэнняў правоў чалавека, здзейсненых падчас прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020 годзе і пасля іх. Мы выкарыстоўваем гэтыя доказы для падтрымкі расследаванняў і прыцягнення да адказнасці меркаваных вінаватых нацыянальнымі пракуратурамі і міжнароднымі органамі па забеспячэнні адказнасці.

17.02.2025

Інфармацыйны агляд Платформы аб перадачы сітуацыі ў Беларусі ў МКС

30 верасня 2024 года Літва звярнулася ў МКС з нагоды сітуацыі ў Беларусі, заявіўшы аб здзяйсненні высокапастаўленымі службовымі асобамі Беларусі злачынстваў супраць чалавечнасці ў перыяд з мая 2020 года. Канцылярыя пракурора Міжнароднага крымінальнага суда (МКС) праводзіць папярэдні разгляд сітуацыі.

Што будзе далей? Наш інфармацыйны агляд распавядае пра наступныя этапы звароту і пра тое, як дзяржавы могуць падтрымаць пачатак расследавання міжнародных злачынстваў у Беларусі. Азнаёміцца з ім можна тут.

Беларусь не з’яўляецца дзяржавай-удзельніцай МКС, але Літва лічыць, што МКС валодае юрысдыкцыяй па гэтай справе, паколькі некаторыя злачынствы былі здзейсненыя на яе ўласнай тэрыторыі і тэрыторыі іншых дзяржаў-удзельніц МКС: рэжым вымусіў сотні тысяч людзей бегчы і працягвае пераследваць іх нават за мяжой.

Папярэдні разгляд у МКС — найважнейшы крок у забеспячэнні правасуддзя для пацярпелых ад сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, аднак больш шырокая падтрымка з боку дзяржаў — шляхам далучэння да дадзенага звароту або накіравання дадатковых зваротаў, прадастаўлення доказаў і экстэрытарыяльнага пераследу на нацыянальным узроўні — будзе мець найважнейшае значэнне для забеспячэння правасуддзя для пацярпелых ад рэжыму, а таксама для дэманстрацыі нецярпімасці міжнароднай супольнасці да беспакаранасці.

Іншыя дзяржавы-ўдзельніцы МКС, далучыўшыся да звароту Літвы, дадуць зразумець, што міжнародная супольнасць не пацерпіць беспакаранасці за падобныя злачынствы.

Дзяржавы таксама могуць дапоўніць дзеянні МКС экстэрытарыяльным судовым пераследам на нацыянальным узроўні па злачынствах, якія не ўваходзяць у прадмет дадзенага звароту.

23.03.2022

Удзел у паралельным мерапрыемстве 49-й сесіі Савета па правах чалавека ААН у Жэневе, 23 лютага 2022 года

23 лютага 2022 года старшы пракурор IAPB Кейт Віньесваран прыняла ўдзел у паралельным мерапрыемстве, арганізаваным Фондам дамоў правоў чалавека і іншымі арганізацыямі ў сувязі з выхадам даклада Экспертызы УВКПЧ па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Экспертыза УВКПЧ па Беларусі была створаная ў адпаведнасці з рэзалюцыяй 46/20 Савета па правах чалавека ў сакавіку 2021 года пасля шырокамаштабных, сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі ў кантэксце прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Гэтае мерапрыемства папярэднічала 49-й сесіі Савета па правах чалавека ААН, на якой быў прадстаўлены даклад Экспертызы УВКПЧ, які змяшчае актуальную інфармацыю аб сітуацыі з правамі чалавека і засяроджаны на наступных дзеяннях Савета ў рамках працэсу прыцягнення да адказнасці.

Глядзіце запіс паралельнага мерапрыемства тут

02.12.2021

Удзел у паралельным мерапрыемстве высокага ўзроўню ў рамках 28-га паседжання Савета міністраў АБСЕ ў Стакгольме, 2 снежня 2021 года

2 снежня 2021 года старшы пракурор IAPB Кейт Віньесваран і прадстаўнік IAPB Вікторыя Фёдарава, сузаснавальнік Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі, прынялі ўдзел у паралельным мерапрыемстве высокага ўзроўню “Даклад Маскоўскага механізма АБСЕ па Беларусі: прыцягненне вінаватых да адказнасці і правасуддзе для ахвяр”. Мерапрыемства праходзіла паралельна з 28-м паседжаннем Савета міністраў АБСЕ ў Стакгольме.

Яно праводзілася для прыцягнення ўвагі да пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і садзеяння абмеркаванню дзяржавамі-удзельніцамі АБСЕ і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці магчымых далейшых крокаў па выкананні рэкамендацый Даклада Маскоўскага механізма АБСЕ, каб забеспечыць прыцягненне вінаватых да адказнасці і правасуддзе для ахвяр парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі.