Міжнародная платформа па прыцягненні вінаватых да адказнасці для Беларусі (Платформа IAPB) вітае вызваленне 13 снежня ўладамі Беларусі 123 палітычных зняволеных. Сярод вызваленых — сябры арганізацыі-сузаснавальніка Платформы “Праваабарончы цэнтр “Вясна”, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі і юрыст Уладзімір Лабковіч, а таксама вядомая апазіцыйная лідарка Марыя Калеснікава.
Гэтыя доўгачаканыя вызваленні прыносяць палёгку вызваленым і іх сем’ям, паклаўшы канец доўгаму адвольнаму зняволенню і суворым турэмным умовам, а таксама даюць магчымасць многім людзям уз’яднацца са сваімі блізкімі пасля многіх гадоў расстання. Аднак, па меркаванні экспертаў ААН, вызваленыя людзі фактычна падвергліся прымусоваму выгнанню, а некаторыя з іх аказаліся пад пагрозай безграмадзянства ў сувязі з канфіскацыяй іх дакументаў, што сведчаць асобу.
Больш за 1100 палітычных зняволеных застаюцца за кратамі, працягваюцца рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі ў парушэнне міжнародных абавязацельстваў Беларусі ў галіне правоў чалавека.
Некалькі выбітных праваабаронцаў былі выключаныя з групы вызваленых, у прыватнасці, Валянцін Стэфановіч, адзін з кіраўнікоў Праваабарончага цэнтра “Вясна”, які ўжо больш за чатыры гады знаходзіцца ў зняволенні. Марфа Рабкова, затрыманая ў верасні 2020 года, і Наста Лойка, затрыманая ў верасні 2022 года, таксама застаюцца ў месцах пазбаўлення волі, як і журналісты, адвакаты і актывісты, асуджаныя па палітычна матываваных абвінавачваннях пасля несправядлівых судовых працэсаў.
Шэраг праваабарончых інстытутаў, у тым ліку Камітэт ААН супраць катаванняў, зафіксавалі сістэматычныя і шырока распаўсюджаныя выпадкі жорсткага абыходжання і катаванняў у месцах пазбаўлення волі, у тым ліку жорсткае збіццё, сур’ёзную медыцынскую халатнасць і доўгае ўтрыманне ў адзіночных камерах, а таксама больш строгі рэжым для асоб, прызнаных палітычнымі зняволенымі.
Таксама важна не выпускаць з-пад увагі той факт, што рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з ранейшай сілай і што справядлівасць будзе адноўленая толькі тады, калі ўсе адвольна затрыманыя асобы будуць вызваленыя, вінаватыя ў парушэннях правоў чалавека будуць прыцягнутыя да адказнасці, а ахвярам будзе дадзены доступ да аднаўлення справядлівасці.
Як адзначаецца ў апошняй справаздачы IAPB аб ходзе работы за перыяд з красавіка па верасень 2025 года, сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца вельмі рэпрэсіўнай і характарызуецца сістэматычным палітычным пераследам, адвольнымі затрыманнямі, жорсткім абыходжаннем і пашырэннем трансгранічных рэпрэсій.
Улады працягваюць пераследаваць тых, каго лічаць нелаяльнымі рэжыму, выкарыстоўваюць заканадаўства аб барацьбе з экстрэмізмам і тэрарызмам для падаўлення іншадумства і актывізуюць намаганні па пераследзе беларусаў за мяжой, у тым ліку праз завочныя судовыя працэсы.
Эксперты ААН прыйшлі да высновы аб наяўнасці разумных падстаў меркаваць, што прэзідэнт Лукашэнка і іншыя высокапастаўленыя службовыя асобы нясуць адказнасць за злачынствы супраць чалавечнасці ў выглядзе палітычнага пераследу і пазбаўлення волі ў рамках арганізаванага рэпрэсіўнага апарата.
Беспакаранасць за парушэнні правоў чалавека на нацыянальным узроўні застаецца абсалютнай, што ўзмацняе актуальнасць нацыянальных і міжнародных механізмаў прыцягнення да адказнасці, у тым ліку расследавання на аснове экстратэрытарыяльнай і ўніверсальнай юрысдыкцыі, а таксама важнасць захавання і аналізу доказаў для будучых судовых пераследаў.
Платформа IAPB заклікае міжнародную супольнасць захоўваць ціск, уважліва сачыць за развіццём падзей у Беларусі і выкарыстоўваць усе даступныя сродкі для прыцягнення да адказнасці вінаватых у бягучых і мінулых парушэннях правоў чалавека. У нашым дакладзе “Шляхі да забеспячэння адказнасці ў Беларусі” прадстаўлена падрабязнае апісанне механізмаў забеспячэння адказнасці, здольных змагацца з сур’ёзнымі парушэннямі правоў чалавека і міжнароднага крымінальнага права ў Беларусі.
Мы глыбока ўдзячныя нашым донарам за працяг падтрымкі. З моманту свайго стварэння Платформа атрымлівала падтрымку шырокага кола дзяржаў, а менавіта (а алфавітным парадку) Аўстрыі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Даніі, ЗША, Ірландыі, Ісландыі, Канады, Латвіі, Літвы, Ліхтэнштэйна, Нарвегіі, Нідэрландаў, Польшчы, Румыніі, Славакіі, Фінляндыі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі, Эстоніі, а таксама Еўрапейскага Саюза.
Па дадатковую інфармацыю звяртайцеся, калі ласка, да Андрэа Хубер, кіраўніка Платформы, па адрасе anhu@dignity.dk.
Contact Us
information