На пасяджэнні Камітэта па чалавечым вымярэнні АБСЕ, якое адбылося сёння ў Вене, Платформа (IAPB) заклікала яго членаў прыняць больш дзейсныя ўнутраныя меры для прыцягнення да адказнасці меркаваных вінаватых у злачынствах па міжнародным праве. Нягледзячы на пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і яе ролю ва ўкраінскім канфлікце, ,было распачатае расследаванне ўсяго некалькіх выпадкаў, а магчымасці пацярпелых атрымаць доступ да правасуддзя працягваюць звужацца.
На пасяджэнні Камітэта АБСЕ па чалавечым вымярэнні Платформа прадставіла сваю апошнюю справаздачу аб праведзенай працы, што падрабязна апісвае яе нядаўнюю працу па падтрымцы органаў крымінальнага правасуддзя і міжнародных структур па правах чалавека.
“Усё большая колькасць зваротаў пацярпелых ад шматлікіх рэпрэсій або канфлікту, якія паступаюць у органы ўлады еўрапейскіх краін, не забяспечваецца дастатковымі рэсурсамі для расследавання і судовага разбору”, – кажа Кейт Віньесваран, кіраўнік Платформы. “Дакументаванне меркаваных міжнародных злачынстваў, здзейсненых у Беларусі, мае вырашальнае значэнне для забеспячэння будучага судовага пераследу, але гэта мэта можа быць рэалізавана толькі ў тым выпадку, калі дзяржавы выдзеляць рэсурсы для яе ажыццяўлення”.
У перыяд з красавіка па верасень 2023 года Платформа накіравала падрабязныя матэрыялы ў органы крымінальнага правасуддзя яшчэ дзвюх дзяржаў, у выніку чаго колькасць еўрапейскіх дзяржаў, якія атрымалі садзейнічанне Платформы ў правядзенні патэнцыйных расследаванняў меркаваных міжнародных злачынстваў, здзейсненых у Беларусі, павялічылася да трох. У матэрыялах змяшчаецца факталагічны і юрыдычны аналіз асноўных фактаў і кантэкстуальных элементаў злачынстваў супраць чалавечнасці ў Беларусі, а таксама ролі дзяржаўных сілавых структур, якія маюць дачыненне да іх здзяйснення.
Платформа таксама падтрымала працу Упраўлення Вярхоўнага камісара па правах чалавека па вывучэнні сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і дакладчыка Маскоўскага механізму прафесара Эрве Аскенсія, у тым ліку прадаставіўшы доступ да сведкаў і спраў у сваёй калекцыі, а таксама інфармацыю аб дзяржаўных сілавых структурах, злачынствах на сэксуальнай і гендэрнай глебе і патрэбах у прыцягненні да адказнасці.
Падтрымка Платформай дакладчыка Маскоўскага механізма АБСЕ паспрыяла яго выснове аб здзяйсненні дзяржаўнымі суб’ектамі цэлага шэрагу парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі і паслужыла падставай для яго звароту да міжнароднай супольнасці з заклікам прыкласці больш намаганняў для прыцягнення вінаватых да адказнасці і працягваць падтрымліваць пацярпелых, грамадзянскую супольнасць і іншых суб’ектаў, што ўдзельнічаюць у забеспячэнні прыцягнення да адказнасці.
“Згодна з нашым апошнім апытаннем, пацярпелыя і іншыя сведкі знаходзяцца больш чым у 30 краінах. Дакладчык Маскоўскага механізма АБСЕ, а таксама Вярхоўны камісар ААН рэкамендавалі дзяржавам дабівацца прыцягнення да адказнасці праз правядзенне нацыянальных працэсаў на аснове прынятых прынцыпаў экстэрытарыяльнай і ўніверсальнай юрысдыкцыі”, – сказала Вікторыя Фёдарава, прадстаўнік Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі, які з’яўляецца адным з сузаснавальнікаў Платформы. “Мы заклікаем дзяржавы праявіць палітычную волю, вылучыць дадатковыя рэсурсы следчым органам, а таксама ініцыяваць змены ў сваім заканадаўстве”.
Гэтыя запыты аб садзейнічанні былі задаволеныя ва ўмовах пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. На сённяшні дзень у турмах застаецца 1475 палітычных зняволеных. Цягам справаздачнага перыяду пры невядомых абставінах у зняволенні загінулі палітвязні беларускі блогер Мікалай Клімовіч і беларускі мастак Алесь Пушкін. Вядомыя апазіцыйныя палітыкі, у тым ліку Марыя Калеснікава, Мікола Статкевіч, Сяргей Ціханоўскі і Віктар Бабарыка працяглы час утрымліваюцца пад вартай без сувязі са знешнім светам. КДБ і МУС прызналі 148 арганізацый экстрэмісцкімі фармаваннямі, у тым ліку аднаго з сузаснавальнікаў Платформы — Праваабарончы цэнтр “Вясна”.
“Мы пераадольваем супраціўленне беларускіх уладаў і працягваем сваю дзейнасць па зборы, апрацоўцы і сістэматызацыі доказаў меркаваных злачынстваў супраць чалавечнасці. Гэта адбываецца ў абстаноўцы паўсюдных рэпрэсій у дачыненні да пацярпелых і ціску на нас, праваабаронцаў,” сказаў Павел Сапелка, прадстаўнік Праваабарончага цэнтру “Вясна”, аднаго з сузаснавальнікаў Платформы. “Нашы агульныя намаганні па спыненні беспакаранасці павінны прынесці плён, калі ёсць палітычная воля дэмакратычных дзяржаў правесці расследаванне і прыцягнуць вінаватых да адказнасці. Кола меркаваных злачынстваў рэжыму пашыраецца і гэта патрабуе адэкватнага адказу.”
Платформа атрымала фінансаванне для працягу сваёй працы на наступныя тры гады, з кастрычніка 2023 г. па верасень 2026 г., на працягу якіх яна зможа выкарыстаць ужо створаную інфраструктуру і напрацаваны досвед для прымянення праактыўнага падыходу да забеспячэння прыцягнення да адказнасці і ўмацавання свайго падыходу, арыентаванага на пацярпелых.
Пра Міжнародную платформу па прыцягненні вінаватых да адказнасці для Беларусі
Міжнародная платформа па прыцягненні вінаватых да адказнасці для Беларусі (International Accountability Platform for Belarus, IAPB) – гэта інавацыйная платформа грамадзянскай супольнасці, якая займаецца зборам, апрацоўкай, верыфікацыяй і захаваннем доказаў сур’ёзных парушэнняў правоў чалавека, якія з’яўляюцца злачынствамі па міжнародным праве, меркавана здзейсненых у Беларусі ў кантэксце прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і ў наступны перыяд, з мэтай падтрымкі органаў па прыцягненні да адказнасці і забеспячэння доступу беларусаў і іншых пацярпелых да сродкаў прававой абароны і кампенсацыі шкоды. З красавіка 2021 г. Платформа збірае інфармацыю і доказы катаванняў, згвалтаванняў і іншых актаў сэксуальнага і гендарнага гвалту, адвольных арыштаў і затрыманняў, пазасудовых забойстваў і іншых бесчалавечных дзеянняў, здзейсненых дзяржаўнымі суб’ектамі ў Беларусі, якія могуць уяўляць сабой злачынствы супраць чалавечнасці. Платформа збірае інфармацыю і сведчанні ў пацярпелых і сведак як у Беларусі, так і за яе межамі, падаючы ім доступ да інфармацыі і магчымасць звярнуцца па псіхасацыяльную дапамогу незалежна ад іх месцазнаходжання. Кіруюць Платформай DIGNITY — Дацкі інстытут супраць катаванняў, Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі і REDRESS.
Мандат Платформы падтрымліваецца Еўрапейскім Саюзам і дзяржавамі, у тым ліку Аўстрыяй, Вялікабрытаніяй, Германіяй, Даніяй, ЗША, Ірландыяй, Ісландыяй, Нарвегіяй, Нідэрландамі, Славакіяй, Фінляндыяй, Чэхіяй, Швейцарыяй, і Швецыяй. З улікам важнасці працы Платформы, яе мандат, пачатак якога прыпадае на 24 сакавіка 2021 г., быў падоўжаны ў 2022 г. да верасня 2023 г., а таксама зусім нядаўна – да верасня 2026 г.
У знак прызнання ўнёску ў прасоўванне правоў чалавека ў Беларусі “Вясна” ў верасні 2022 г. атрымала прэмію Альбі Фонду Клуні за справядлівасць, а яе заснавальнік Алесь Бяляцкі — Нобелеўскую прэмію міру у кастрычніку 2022 г. У студзені 2023 г. Міжнародны камітэт быў ушанаваны ўзнагародай “Праваабарончая кампанія / ініцыятыва года 2022”.
Contact Us
information
Contact Us
information